Па „пінскай справе” судзяць хлопца, якога затрымалі наўпрост у войску падчас тэрміновай службы



У Ленінскім судзе Берасця ўжо месяц па „пінскай справе” па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) судзяць 23-гадовага палітзняволенага Алега Ардзюка.

Яго абвінавачваюць у тым, што на акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года „кінуў палку і жменю зямлі” ў бок міліцыянтаў. Хлопца затрымалі 15 верасня мінулага году ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Вадзім Багатка. Палітвязню пагражае да васьмі гадоў калоніі.

Згодна версіі абвінавачвання, Ардзюк 9 жніўня 2020 года ў Пінску выламаў кол, які падпіраў дрэва, разламаў гэтую палку на дзве часткі, адну з якіх кінуў у бок супрацоўнікаў міліцыі. Гэтую палку ён „кінуў з мэтай нанясення пашкоджанняў” і „наўмысна пагражаючы гвалтам” міліцыянтам. Таксама па адбвінавачванні ён на вуліцы Заслонава ў Пінску кінуў жменю зямлі ў бок міліцыянтаў.

На судзе палітвязень прызнаў віну цалкам і шкоду. Ардзюк ужо заплаціў кампенсацыю КВУП ЖРЭУ ў памеры 50 рублёў, і столькі ж перавёў УУС Брэстаблвыканкама.

Алега Ардзюка затрымалі 15 верасня мінулага году наўпрост у войску, дзе ён праходзіў тэрміновую службу з 26 лістапада 2020 года. На некаторыя пытанні ў судзе ён адказвае: „Никак нет!”, „Так точно!”

Як паведамляе „Брэсцкая вясна”, па справе дапытваюць больш за 100 пацярпелых міліцыянтаў, бо крымінальная справа „агульная” на ўсіх пінскіх пратэстоўцаў. На пытанні суда пра пакаранне палітвязню, міліцыянты звычайна адказваюць: „На меркаванне суду”. Але ж некаторыя сілавікі адказвалі:„Строга!”, „па максімуму па дадзенам артыкуле”.

На паседжанні 17 лютага працягнулі допыт сведак, сярод якіх і былая аднагрупніца Ардзюка. Яна апазнала яго на відэа з пратэсту 9 жніўня ў Пінску.

Агулам па „пінскай справе” за акцыю пратэсту з 9 на 10 жніўня 2020 году на тэрміны ад 3 да 6,5 года пазбаўлення волі 26 палітзняволеных. Іх судзілі ў трох групах. Палітвязні мусяць у садідарным парадку выплаціць звыш 200 тысяч рублёў кампенсацыі сілавікам і чыноўнікам. Усе яны ўжо адбываюць тэрміны ў калоніях.

Падтрымаць палітвязня:

СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.

spring96.org

[manual_related_posts]