У Беларусі 1 снежня прайшла новая хваля ператрусаў (абноўлена)



Раніцай 1 снежня сілавікі прыходзілі з ператрусамі да праваабаронцаў і журналістаў.

Як паведамляе ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў, вядома пра ператрусы ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, актывістаў з Віцебска Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца. Ператрус быў у крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага.

Ператрус у журналісткі Ларысы Шчыраковай у Гомелі доўжыўся каля 1,5 гадзіны, яго правялі супрацоўнікі ДФР. У журналісткі забралі тэлефон, апаратуру, флэшкі і жорсткія дыскі. Пасля ператрусу яе дапыталі ў ДФР. Яна адмовілася адказваць на пытанні. Шчыракову вусна папярэдзілі аб адказнасці за разгалошванне матэрыялаў справы, таму падрабязнасці праваабаронцам яна не расказала.

Ператрус быў у гарадзенскай журналісткі Надзеі Віцінай. Яна была затрымана „па справе аб яе асабістай перапісцы”. Пазней Надзею вызвалілі.

Адбываецца ператрус у Васіля Палякова — гомельскага палітыка і грамадскага дзеяча АГП. У Берасці раніцай супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Алены Жушма. Таксама вядома пра ператрус у рэчыцкага актывіста Алега Карбалевіча, яго самога павезлі ў РАУС. Паведамляецца пра затрыманне магілёўскай журналісткі Валерыі Лепешавай.

Акрамя таго, з 7 раніцы ў Менску адбываюцца масавыя ператрусы. Па словах праваабаронцаў, ператрусы прайшлі не менш як у 10 чалавек.

***

Ад самай раніцы 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы.

Фота: ТАСС

На дадзены момант праваабаронцам „Вясны” вядома пра вобшукі ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, у актывістаў з Віцебска Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца, а таксама ў крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага. У Гомелі прыйшлі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, а пасля ператрусу яе павезлі на допыт.

Акрамя гэтага, ад 7 раніцы праходзяць масавыя ператрусы ў Менску. Па інфармацыі праваабаронцаў, з вобшукамі прыйшлі мінімум да 10 чалавек.