Пачала працу эка-студыя для маленькіх гарадзенцаў
На грамадскіх пачатках ў Гародні распачала працу экалагічная студыя для маленькіх гарадзенцаў, якую могуць наведваць дзеці ўжо ад 5 гадоў.
Выкладчыкі вучыць дзяцей пра такія рэчы як: якая бывае глеба, хто забруджвае навакольнае асяроддзе, як штодня мяняецца свет і пра шмат іншых рэчаў, патрэбных маленькаму чалавеку.
Пра навучанне для дзетак, якое адбываецца штотыдзень у выходныя ў грамадскай прасторы DOM46 і ў анты-кавярні «Жывы Час» распавядае кіраўнік дзіцячай эка-студыі, Рыма Ушкевіч:
— Мы прапаноўваем дзецям гэткія невялічкія курсы дзе яны змогуць даведацца пра такія розныя рэчы, якія нас атачаюць: пра гарадскі транспарт, пра паветра, пра ваду, глебу. Усё гэта — вельмі важныя рэчы, пра якія інфармацыі для дзіцяці часта бракуе. Звычайна, мы думаем, што развіваем дзіцё, калі вучым яго лічыць, чытаць, і гэтак далей. Насамрэч, цяпер, у нашай, даволі негатыўнай экалагічнай абстаноўцы вельмі важна жаваць актуальныя веды пра паўсядзённыя звычкі, пра тое, што забруджвае паветра, пра тое, якую ваду мы п’ем.
Гэта экалагічная студыя ў Гародні паўстала дзякуючы «Цэнтру экалагічных рашэнняў» і арганізацыі «ВелаГродна», а фінансавую падтрымку для таго, каб дзеткі вучыліся на грамадскіх пачатках аказвае«Зялёная Сетка».
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Facebook
