У Менску пабудуюць яшчэ тры станцыі метро



У верасні пачалі пабудову яшчэ трох станцый 3-й лініі Менскага метрапалітэна — «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец».

Цяпер ідзе інжынерная падрыхтоўка тэрыторыі.

Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме начальнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна» Павел Царун.

Працягваецца будаўніцтва першага пускавога комплексу, у які ўваходзяць 4 станцыі: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча».

«Будаўніча-мантажныя працы ў адпаведнасці з графікам плануецца завяршыць да канца 2019 года, — удакладніў Царун. — На дзвюх станцыях — «Кавальская Слабада» і «Вакзальнай» — ужо вядуцца аддзелачныя работы».

Працы вядуцца ў трохзменным рэжыме і без выхадных дзён.