Пачатку пратэсту супраць акумулятарнага завода споўнілася два гады



У Берасці на плошчы Леніна 5 студзеня каля поўдня ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы іх было каля 80 чалавек.

Міліцыя праз мегафон папярэджвала пра адказнасць за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”. Якіх-небудзь затрыманняў не было.

Прысутныя на плошчы ўспомнілі, што роўна два гады таму, 5 студзеня 2018 года, упершыню сабраліся разам каля будаўнічай пляцоўкі завода, дзе выказалі свой пратэст. На наступны дзень, 6 студзеня, людзі ўпершыню збіралі подпісы супраць будаўніцтва гэтага завода. Так стартавала грамадская кампанія пратэсту.

Што тычыцца сённяшняга дня, то людзі, якія сабраліся на плошчы, абмяркоўвалі паведамленне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі па будаўнічым праекце акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр”.

Паведамленне было размешчанае 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у прыватнасці на сайце кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, на сайце Берасцейскага аблвыканкама. У паведамленні гаворыцца, што заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы выступае кампанія „АйПаўэр”. Прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы з’яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстаннi прыродных рэсурсаў.

Таксама паведамлялася, што заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы можна накіраваць на паштовы адрас ТАА „АйПаўэр” (Берасце, вуліца Піянерская, д. 52, офіс 608) на працягу 10 рабочых дзён з моманту апублікавання гэтага паведамлення ў тэрмін да 15 студзеня.

Група праціўнікаў акумулятарнага завода 3 студзеня хацела падаць такую заяву і прыйшла па названым адрасе. Аказалася, што офіса ТАА „АйПаўэр” у гэтым будынку няма. На дзвярах кабінета 608, дзе раней быў офіс гэтай кампаніі, замацаваная шыльда іншай фірмы.

Актывісты выклікалі міліцыю, супрацоўнік якой зафіксаваў гэты факт. Пасля гэтага яны падалі адпаведную заяву ў Берасцейскі аблвыканкам.

Праціўнікі завода, якія прыйшлі 5 студзеня на плошчу, адзначалі, што не асабліва здзіўленыя такой сітуацыяй, таму што, на іх думку, усё зроблена спецыяльна для таго, каб увесці людзей у зман. Раман Кісляк заявіў, што ўлады вымусілі „АйПаўэр” праводзіць грамадскую экалагічную экспертызу праекта акумулятарнага завода:

– Гэта па-мойму нонсэнс, ніхто нікога не прымушаў, гэта ініцыятыва людзей. Наш лідар Лукашэнка сказаў, што людзі маюць права правесці грамадскую экалагічную экспертызу. Мы дзейнічаем у межах закона, народ хоча правесці экспертызу. 

– „АйПаўэр” падала заяву ў міліцыю. Мы палічылі, што гэта незаконна. Па прычыне таго, што гэта грамадская экспертыза, то грамадскасць можа ўдзельнічаць сваімі сродкамі ў аплаце гэтай экспертызы, то бок тут нічога супрацьзаконнага няма.

На думку актывіста Алега Вялава, „АйПаўэру” грамадская экспертыза проста неабходная, таму што без яе нельга падаць дакументы на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Пры гэтым Вялаў не выключае, што праціўнікаў завода да грамадскай экспертызы не дапусцяць. Актывісты заяўляюць, што будуць дамагацца правядзення грамадскай экспертызы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Збор сродкаў для правядзення спецыялістамі грамадскай экалагічнай экспертызы праекта акумулятарнага завода працягваецца на платформе MolaMola. Усяго неабходна сабраць 9 тыс. рублёў, каб аплаціць працу спецыялістаў. На гэты момант сабрана больш за 5 тыс. рублёў.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 траўня кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамлялі, што прычынай адмоўнага заключэння стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія „АйПаўэр” адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”. Пасля ўнясення неабходных звестак „АйПаўэр” зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд Мінпрыроды.

[manual_related_posts]