Пачаўся ІІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету (абноўлена)



Мастацтвы беларусаў свету застануцца без “Бацькаўшчыны”. Буйнейшай арганізацыі беларускай дыяспары Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” не аказалася ў спісе арганізатараў ІІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які адкрыўся ў Менску.

Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо ў Згуртавання “Бацькаўшчына” іншыя статутовыя мэты, кажа старшыня ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

Фестывалем, наколькі мы ведаем, займаецца арганізацыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая звязвалася з суполкамі беларускімі замежжа. Інфармацыя пра фестываль, наколькі я ведаю, у прэсе з’явілася больш-менш дакладна толькі ўчора. Таму проста атрымалі запрашэнне. У якасці прысутных гасцей у зале, калі можна так сказаць. Але гэта мастацкі фестываль, дзе выступаюць розныя музычныя калектывы. Таму гэта крыху не наш профіль.

На ІІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету прыедуць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў беларускіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Чакаецца, што госці будуць з 19 краін свету.

* * * 

Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету пачаўся ў Менску. Мерапрыемствы пройдуць у Менску і аграгарадках Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцей.

На фэст прыедуць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў беларускіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, з 19 краін: у тым ліку з Польшчы, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Галандыі ды Францыі. Усяго чакаецца больш як 200 беларусаў замежжа.

Зрэшты, сярод пераліку арганізатараў няма буйной арганізацыі – Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Не атрымаў запрашэння на фэст і тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”. Каментуе старшыня праграмнай рады “Нівы” Яўген Вапа: “Усё застаецца па-старому: падзел на сваіх і чужых. А тыя, хто крытычна ставіцца да рэчаіснасці ў Беларусі, даўно знаходзяцца ў спісах асобаў, непажаданых для супрацы”.

Нагадаем, што выступаючы сёлета на VII З’ездзе беларусаў свету ў Менску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заклікаў беларусаў да еднасці: “Хоць мы ўсе розныя, у кожнага свой погляд на жыццё і развіццё краіны, – гэта нармальна. Але ва ўсіх нас галоўная мэта адна – не толькі захаванне, але і ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы”.

Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету завершыцца 11 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя