Пачаўся пераслед удзельнікаў акцыі ў гадавіну Рэферэндума-96 (абноўлена)
На завяршэнні мемарыальнага шэсця на плошчы Незалежнасці ў Менску міліцыянты пачалі складаць пратаколы на арганізатараў, шэраговых удзельнікаў і нават на журналістаў і правабаронцаў. Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі ўжо пасьпеў заявіць, што на журналістаў ніякіх пратаколаў у выніку так і не склалі. Відавочна, што позвы ў суд атрымаюць тры ўдзельнікі шэсця, якія трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.
Каментуе адзін з арганізатараў акцыі Мікалай Статкевіч:
– Я буду сачыць за гэтай сітуацыяй. Калі спатрэбіцца, будзем шукаць адвакатаў. А калі будуць прызначаныя штрафы, праз інтэрнэт арганізуем збор сродкаў.
Адміністрацыйны пратакол быў складзены і на самога Стакевіча, а таксама на Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага ды Алеся Макаева.
На думку Статкевіча, такія акцыі робяць грамадства грамадствам, незалежна ад колькасці непасрэдных удзельнікаў.
* * *
Хлопца, які прыйшоў на шэсце з вялізным нацыянальным сцягам, змусілі забраць дакументы з вучэльні.
«Учора амаль на ўсіх сайтах былі мае з сябрам здымкі з вялізным сцягам,» – гаворыць музыка Генадзь Мігель.
— Сёння прыйшоў з гітарай, а на ёй была бел-чырвона-белая стужка і да мяне падышла завуч, сказала падысці да галоўнага завуча. Мяне сёння змусілі падпісаць заяву пра тое, што я добраахвотна сыходжу з каледжа, у якім я навучаўся. Сказалі, што я, маўляў, не наведваю заняткі.
«Але насамрэч падставаў адлічыць мяне не было. На мяне націснулі і прыйшлося забраць дакументы,» – дадаў непаўналетні Мігель. Хлапец навучаўся ў каледжы МГПТК будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі.
Гэта другі за год выпадак пераследу навучэнцаў каледжаў за нацыянальную сімволіку.
Ня так даўно, дзякуючы грамадскай салідарнасці, ўдалося аднавіць на навучанні кадэтаў з Ястрэмбеля.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: Наша Ніва, Беларускае Радыё Рацыя