Пачаўся суд над блогерам Арцёмам Шапаравым



У Гомелі судзяць Арцёма Шапарава. Суд над відэаблогерам праходзіць па артыкуле 17.10 Адміністрацыйнага кодэкса (прапаганда альбо публічная дэманстрацыя нацыстоўскай сімволікі). Гаворка ідзе пра нашумелы відэаролік, у якім аўтары распавялі пра ціск на шматдзетную сям’ю з боку дырэктара школы №3 Ніны Старажэнкі. Кіраўніца навучальнай установы пасля наведвання жылля адзінокай маці Антаніны Шайнюк прыстрашыла жанчыну пастаноўкай яе сям’і на ўлік як сацыяльна небяспечнай з-за размаляваных шпалераў і антысанітарыі з-за хворага сабакі. У адным з калажаў дырэктар прадстае ў форме, якая нагадвае нацыстоўскую, але без выразных сімвалаў адрознення. Пенсіянер Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімір Няпомняшчых заяўляе, што справа “шыта белымі ніткамі”.

Уладзімір Няпомняшчых:

– Калі б шматдзетная маці зарабляла нармальныя грошы, то не паўставала б пытанне пра “непрыгожыя шпалеры” і пра сабаку, якога трэба ўсыпіць. Яны, сацыяльныя службы, павінныя былі дапамагчы чалавеку, а не нападаць на яго. А цяпер увогуле не разумею, чаму яны чапляюцца да блогера. Гэта проста ганьба.

Падтрымаць гомельскага відэаблогера ў суд Чыгуначнага раёна прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх – героі сацыяльных ролікаў, у тым ліку інваліды-вазочнікі. Аднаму з іх, Міхаілу, Арцём Шапараў дапамог набыць дарагі акумулятар для электрычнага вазка.

“Я прыйшоў падтрымаць сябра. Я адчуў на сабе, што пасля ягоных ролікаў да мяне асабіста змянілася стаўленне навакольных. Раней мяне нібыта не заўважалі, а цяпер сталі нават дапамагаць”, — гаворыць Міхаіл.

“За што гэтага Арцёма судзяць?! За тое, што ўступіўся за жанчыну? Гэта першапачаткова побытавае пытанне, а чыноўнікі яго чамусьці цягнуць у суд. Стаўленне грамадства да пераследу блогера адназначна негатыўнае”, — гаворыць адна з прысутных кабет.

Шматдзетная маці Антаніна Шайнюк удзячная Арцёму за тое, што ён першым адгукнуўся на яе бяду.

“Нават мае дзеці хацелі прыйсці ў суд, але я не ўзяла іх з сабой. Арцём дапамог мне маральна. Яго судзяць за праўду. Спадзяюся, што чыноўнікі спыняцца, выбачацца і перастануць цкаваць чалавека”, — гаворыць Антаніна Шайнюк.

Перад судовым пасяджэннем блогер падзяліўся перад журналістамі інфармацыяй, якую яму дасылаюць са шматлікіх крыніц. З лістоў “добразычліўцаў” вынікае, што ініцыятары пераследу плануюць перакваліфікаваць артыкул 17.10 Адміністрацыйнага кодэксу ў нейкі больш сур’ёзны.

“Змест роліка іх (міліцыянтаў) зусім не хвалюе. Яны лічаць, што такое стаўленне да бацькоў, грубае ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё – гэта нармальна. Міліцыя паглядзела на калаж і гаворыць: “Нацыстоўская сімволіка! Які я нягоднік!”. А тое, што дырэктар патрабуе сабаку ўсыпляць, цісне на адзінокую маці… Гэта міліцыю не хвалюе зусім”, — падсумоўвае Арцём Шапараў.

Суд над гомельскім відэаблогерам Арцёмам Шапаравым перанесены на чацвер 12 ліпеня. Суддзя заслухаў пазіцыі бакоў – дырэктара школы і блогера – і вырашыў абвясціць рашэнне пасля перапынку ў некалькі дзён. Арцём Шапараў звяртае ўвагу на паказанні дырэктара школы, з якіх вынікае, што гэта не яна, а міліцыя ініцыявала судовы пераслед.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

[manual_related_posts]