Пачаўся суд над Уладзіславам Казакевічам



Менскі гарадскі суд 20 лютага пачаў слухаць справу былога студэнта першага курса Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін (МІПСА) Уладзіслава Казакевіча, які напаў з бензапілой і сякерай на людзей у ГЦ „Новая Еўропа”.

Справа атрымала вялікі грамадскі рэзананс. Асвятляць першае пасяджэнне суда прыйшлі некалькі дзясяткаў журналістаў. Адзін з самых вялікіх залаў Менгарсуда поўны, тут шмат пацярпелых. Адной з іх неабходны сурдаперакладчык, спецыяліст выкліканы ў суд. Прыйшлі таксама маладыя людзі, якія вучыліся з абвінавачваным.

Матэрыялы гэтай крымінальнай справы ў Менгарсуд 29 снежня накіравала Генеральная пракуратура. „Вывучэнне крымінальнай справы паказала, што папярэдняе расследаванне праведзена поўна і аб’ектыўна. Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваныя правільна. Падстаў для адмены або змянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту не ўстаноўлена”, — гаварылася ў паведамленні галоўнага нагляднага органа краіны.

Уладзіславу Казакевічу прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 КК (падрыхтоўка да забойства двух і больш асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства двух і больш асоб), ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Паводле звестак следства, 8 кастрычніка 2016 года прыкладна ў 17.30 хлопец, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, зайшоў у гандлёвы цэнтр „Новая Еўропа” з чахлом для музычнага інструмента, дзе ляжала гатовая да прымянення бензапіла. Ён выбіраў аб’екты для нападу сярод работнікаў і наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Першай Казакевіч паспрабаваў забіць жанчыну, аднак той удалося ўцячы. Другой жанчыне, 1973 года нараджэння, ён нанёс два ўдары бензапілой. Пасля таго як бензапіла заглухла ў выніку пападання ў ланцуг адзення пацярпелай, хлопец дастаў з чахла ад гітары сякеру-кувалду і нанёс жанчыне ўдары, ад якіх яна памерла на месцы здарэння.

Затым абвінавачваны, працягваючы перамяшчацца па гандлёвым цэнтры, прычыніў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці двум жанчынам — ім пасля была аказана медыцынская дапамога.

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя тры жанчыны і сваякі загінуўшай. Праз непрацяглы час нападнік быў затрыманы работнікамі і наведвальнікамі гандлёвага цэнтра, а таксама супрацоўнікамі міліцыі.

У ходзе следства быў устаноўлены факт падрыхтоўкі абвінавачваным забойства дзвюх і больш асоб 7 кастрычніка 2016 года ў МІПСА. Непаўналетні Казакевіч, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, зайшоў у навучальны корпус і завёў бензапілу. Ён збіраўся зайсці з ёй і сякерай-кувалдай ў лекцыйную аўдыторыю, дзе ў гэты час займаліся 178 студэнтаў, каб напасці на іх. Давесці свой намер да канца падазраваны не змог, бо выпадкова закрануў рычаг тормазу бензапілы, у выніку чаго яна спынілася. Спробы завесці бензапілу былі няўдалымі, што вымусіла яго пакінуць тэрыторыю ВНУ.

У ходзе следства дапытана каля 200 сведак, праведзеныя дзясяткі экспертных даследаванняў. Даследавана асоба абвінавачванага. Дапытаныя яго аднакласнікі, настаўнікі, аднагрупнікі, выкладчыкі і іншыя асобы.

Згодна з заключэннем стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, непаўналетні Казакевіч у перыяд інкрымінуемых яму ўчынкаў мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

БелаПАН