Пачуўшы запыт пракурора, Алена Маўшук напісала: «Я павешуся»
У Пінску прадстаўнікі грамадскасці занепакоеныя лёсам палітзняволенай, фігуранткі “пінскай справы” Алены Маўшук. Калі пракурор запрасіў для яе шэсць гадоў турмы, то яна напісала ў сшытку і паказала прысутным на паседжанні: “Я павешуся!”.
Відавочца, старшыня пінскіх сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова адзначае, што гэта не быў эмацыйны выбух:
– Калі чалавек знаходзіцца ў несупаставімай супярэчнасці з навакольным светам, і ён не можа гэты свет змяніць, ён імкнецца гэтую агрэсію перанакіраваць на сябе. Я думаю, што зараз яна шчыра хоча суіцыду. А ведаючы нашую пенітэнцыярную сістэму, я думаю, што слава Богу, у яе гэта не атрымаецца. Але думаю, што пасыл быў шчыры. Гэта не маніпуляцыя і гэта не гістэрыка.
Фігурантам “пінскай справы” з’яўляецца і муж Алены Маўшук – Сяргей, яго пракуроры патрабуюць пакараць шасцю з паловаю гадамі турмы, але ён да прыняцця судовага рашэння застаецца пад хатнім арыштам. Тым часам іх абедзвюх непаўнагадовых дачок забралі ў прытулак.
Беларускае Радыё Рацыя
