Суд па “справе прафсаюзаў”: дзень другі (абноўлена)



Суд Савецкага раёна Менска 31 ліпеня працягне разглядаць рэзанансную крымінальную справу старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.

Прадстаўнік Міжнароднй федэрацыі за правы чалавека (FIDH – International Federation for Human Rights) Ілля Нузаў тлумачыць, чаму гэтая справа важная і цікавая для міжнароднай супольнасці.

З той мэтай, каб людзі ведалі, што кожнае вальнадумства, любая крытыка ўраду Беларусі можа падвергнуцца крымінальнаму пераследу. Мы тут таксама, каб падтрымаць грамадзянскую супольнасць, якая спрабуе адстаяць свае правы, але ўлады не рэагуюць на іхнія высілкі. Мы спадзяёмся, што наша прысутнасць прыдасць розгалас гэтай справе. І дасць зразумець уладам Беларусі і міжнароднай супольнасці, што грамадзянская супольнасць Беларусі не адна, яна не ізаляваная.

Па словах прадстаўніка Міжнароднй федэрацыі за правы чалавека Іллі Нузава, маюцца прыкметы таго, што гэты працэс палітычна матываваны, таму важна надаць яму большы розгалас. Каб пра яго даведалася шырокае міжнароднае грамадства.

У першы дзень судовага паседжання ў судзе разглядаліся хадайніцтвы, было зачытана абвінавачванне і пачаўся допыт сведак. Усяго паспелі дапытаць 5 супрацоўнікаў і актывістаў. Пры гэтым высветлілася, што адна са сведак – сакратарка прафсаюза РЭП Юля Юхнавец з’яўлялася агентам КДБ, на астатних следства аказвала псіхалагічны ціск.

* * *

Першы дзень суда над лідарамі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзем Федынічам ды Ігарам Комлікам. Зала суда змясціла менш за палову тых, хто прыйшоў падтрымаць актывістаў. Суддзя адхіліла хадайніцтва Фядыніча перавесці працэс у большую залу, а таксама не дазволіла весці відэа- і аўдыёздымкі. Актывістаў вінавацяць у нявыплаце падаткаў у буйным памеры. Генадзь Фядыніч называе справу “фікцыяй”:

Гэта сфабрыкаваная і палітычна матываваная з усіх бакоў справа. І нават само абвінавачанне, якое адзначае, што я знаходзіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і ў гэты час крыў нейкія разліковыя ўлікі ў банках Літвы і забяспечыў іх перамяшчэнне ў Беларусь.

Пазіцыя тых, хто прыйшоў падтрымаць прафсаюзных лідараў, адназчная: гэта палітычная справа”. Кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка:

Мы лічым гэтую справу палітычна матываванай, накіраванай на спыненне актыўнай працы нашага незалежнага прафсаюза па абароне простых людзей.

Станіслаў Шушкевіч:

Я думаю, што справы няма, а ёсць спектакль, каб застрашыць, перашкоджваць працаваць грамадскім арганізацыям, незалежным прафсаюзам.

Падтрымаць абвінавачаных прыехалі людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў, дыпламатычных місій, журналісты, праваабаронцы ды іншыя асобы.

* * * 

Пачаўся працэс па справе старшыні незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і бухгалтара РЭП Ігара Комліка. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Падтрымаць Фядыніча і Комліка прыйшло пад сотню людзей. Сярод іх палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, актывіст Леанід Кулакоў, праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Прыйшоў нават Станіслаў Шушкевіч. Цяпер у судзе абвешчаны перапынак, перадае нашая карэспандэнтка:

– Залу адвялі малую, на 50 чалавек. 50 – зайшло, а 70 – стаяла за дзвярыма. Напісалі агульную скаргу, дзе паставіў подпіс кожны. Суддзя не дазволіла відэаздымкі, хоць на гэтым вельмі настойвалі Фядыніч і Комлік. Яны яшчэ загадзя пісалі хадайніцтва пра гэта. Наогул трэба сказаць, што ўсе хадайніцтвы Фядыніча і Комліка адхіленыя. Суддзёй прыняты да ўвагі толькі ўсе прапановы абвінаваўчага боку. Трэба сказаць, што людзі прыехалі з усёй Беларусі ў знак салідарнасці з Фядынічам і Комлікам.

Адзначым, што на ўваходзе ў залу паставілі металашукальнікі, а людзей абшуквалі міліцыянты – надзвычайныя меры бяспекі, якія ўжываюцца толькі на самых рэзанансных справах. Па версіі следства, Фядыніч і Комлік адкрылі рахунак прафсаюза РЭП у літоўскім банку у 2011 годзе. Туды ім перавялі сродкі замежныя донары, Комлік зняў грошы, з дапамогай іншых перавёз у Беларусь. Абодва падсудныя не прызнаюць сваёй віны.

У судзе Савецкага раёна Менска 30 ліпеня пачынаецца разгляд крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.

Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс будзе весці суддзя Марына Фёдарава.

Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па  2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

● Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.

● За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.

● Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.

● 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад’яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумесная заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск