Пад Івацэвічамі ў ДТЗ загінула 17-гадовая дзяўчына



ДТЗ з цяжкімі наступствамі адбылося раніцай 21 кастрычніка ў Івацэвіцкім раёне, на 232-м км аўтадарогі Целяханы — Выганішчы недалёка ад гарадскога пасёлка Целяханы.

Як паведамляе ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, 25-гадовы жыхар вёскі Вулька-Целеханская, які знаходзіўся за рулём аўтамабіля „Мэрсэдэс-Бенц”, на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва.

На месцы ДТЗ загінула 17-гадовая пасажырка, аднавяскоўка вадзіцеля. Аўтамабіліст і 26-гадовы пасажыр (брат загінулай дзяўчыны) з цяжкімі траўмамі дастаўлены ў бальніцу.

Паводле папярэдніх звестках, усе яны не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Вадзіцель кіраваў „Мэрсэдэсам” у стане алкагольнага ап’янення. Узбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Цела загінулай дзяўчыны і яе траўміраванага брата дасталі з „Мерседэса” пры дапамозе гідраўлічнага інструмента работнікі МНС.

belapan.com