Пад Пінскам загінуў пасажыр і цяжка траўмаваны кіроўца матацыкла



У Пінскім раёне 14 жніўня прыблізна ў 17.45 на першым кіламетры аўтадарогі Н252 Ставок — Красіева ў ДТЗ загінуў чалавек, яшчэ адзін цяжка траўмаваны.

Як паведамляе ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, на закругленні дарогі 35-гадовы пінчанін не справіўся з кіраваннем матацыкла „Кавасакі ZZ-R”, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся.

У выніку 29-гадовы пасажыр матацыкла, жыхар вёскі Ставок, ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Вадзіцель „Кавасакі” ў цяжкім стане дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Пінскай цэнтральнай гарадской бальніцы.

У кіроўцы і пасажыра ўзятая кроў на аналіз. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

Устаноўлена, што пінчанін і яго пасажыр былі без моташлемаў.

За апошнія тры гады кіроўца матацыкла 72 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Найбольш частае парушэнне — перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху.

belapan.by