Пададзеная заяўка на правядзенне ў Берасці „Маршу супраць свінцу”



У Берасцейскі гарвыканкам 14 траўня пададзеная заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу”. Заяўнікамі акцыі выступілі трое жыхароў Берасця і адзін — Берасцейскага раёна.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, дэманстрацыю і мітынг плануецца правесці 3 чэрвеня ў цэнтры горада.

Мэта масавага мерапрыемства — выказаць публічны пратэст супраць будаўніцтва пад Берасцем завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”, забруджвання навакольнага асяроддзя дзейнымі прадпрыемствамі групы ПАК, а таксама праінфармаваць жыхароў рэгіёна пра шкоду свінцу і яго злучэнняў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.

Запланаваная колькасць удзельнікаў — 900 чалавек.

„Праціўнікі акумулятарнага завода хочуць прайсці „маршам супраць свінцу” па цэнтральных вуліцах Брэста, каб прадэманстраваць уладам сілу і рашучасць свайго пратэсту”, — заявіў праваабаронца.

Будуе акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст” ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе плануюць наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі ў Берасцейскі абласны суд.

29 красавіка ў Берасці прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

11 мая на імя Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 2.665 чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.  БелаПАН

[manual_related_posts]