Падаткавікі канфіскавалі частку бухгалтарскіх дакументаў крамы symbal.by



Супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС Менска і чатыры падатковыя інспектары інспекцыі МПЗ па горадзе Менску 15 чэрвеня правялі чатырохгадзінны агляд крамы па продажы нацыянальнай сімволікі symbal.by. Пра гэта паведаміў дырэктар крамы Павел Белавус на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

Паводле яго слоў, агледжаныя гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканні, складзеныя пратаколы, канфіскаваная частка бухгалтарскіх дакументаў.

„Супраць нашай крамы вядзецца адміністрацыйны працэс па факце, які адбыўся 12 чэрвеня, калі ў нашага кур’ера міліцыянеры забралі тэніскі „ПСІХО3%”, і разглядаецца варыянт завядзення адміністрацыйнай справы па факце парушэння правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасцяў”, — напісаў Белавус.

Ён падкрэсліў, што ўся прадукцыя, у тым ліку затрыманая, прадаецца ў краме „абсалютна легальна і мае дакументы”, „кожная капейка, атрыманая ад пакупнікоў, праходзіць праз касу, і з яе выплачаныя ўсе падаткі”.

Як паведаміў Белавус, кур’ер не атрымаў пратакол па факце затрымання тэнісак, не прысутнічаў падчас іх пераліку, колькасць затрыманых тэнісак у пратаколе большая, чым „па факце па накладных” вёз кур’ер.

Дырэктар крамы паведаміў аб пачатку акцыі „Стыкер салідарнасці”. Сродкі ад продажу стыкераў ён абяцае накіраваць на аплату працы адвакатаў і юрыстаў па справе symbal.by, утрыманне крамы і развіццё яе сацыяльных сетак.

Аўтамабіль, на якім кур’ер вёз з месца вытворчасці ў краму 419 маек з надпісам ” ПСІХО3% „(абыгрываюцца слова” псіхоз”, якім Аляксандр Лукашэнка назваў сусветную рэакцыю на каранавірус, і 3% галасоў, якія ён атрымаў падчас інтэрнэт-апытанняў пасля старту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі), быў затрыманы ўвечары 12 чэрвеня супрацоўнікамі ДАІ, якія заявілі, што такі ж аўтамабіль праходзіць праверку па факце ДТЗ. Кур’еру было прапанавана праехаць у РУУС, дзе падчас праверкі супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу на скрынкі з майкамі. Тавар быў канфіскаваны для праверкі.

belapan.by

Фота surprise.by