“Падманула на дзесяткі тысяч даляраў…”



У Менску працягваецца суд над дырэктарам турфірмы “Неролі”, якую абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Схема была вельмі простая. У 2014 годзе (і раней) дырэктарка фірмы брала перадаплату за турыстычныя паслугі, але, як аказалася, выконваць іх і не збіралася. У выніку, калі народ запатрабаваў вярнуць грошы назад, бізнесменша ўвогуле кудысьці знікла і не адказвала на тэлефанаванні.

“Турфірма “Неролі” кінула людзей на вельмі вялікія сумы, – пісалі карыстальнікі Інтэрнэт-форумаў. – Абяцалі паездкі ў Ізраіль, Грэцыю… Мінімум тысяча даляраў з чалавека, а такіх пад сотню… Чарговая піраміда!”

Кіраўніцтва турфірмы тлумачыла сітуцыю “ваеннымі дзеяннямі” ў Ізраілі, але ж не патрапілі кліенты не толькі туды, але і на адпачынак у санаторыі Беларусі, дзе ніякай вайны няма.

“Па некаторай інфармацыі, агульная сума, якой завалодала дырэктар фірмы, складае каля 40 тысяч даляраў, – паведаміла адна з пацярпелых. – Але, як мне падаецца, гэтая сума значна заніжаная. Увогуле, дзіўна было, што гэтая справа наогул дайшла да суда, бо доўгі час яе “спускалі на тармазах”. Не ведаю, якія там рычагі былі задзейнічаны… Уявіце сабе, што мы ўжо два гады дамагаемся справядлівасці, і толькі зараз пачаўся працэс. А да гэтага нават і крымінальная справа не была ўзбуджана. Нам казалі, што ў справе – гаспадарчыя адносіны, а таму падавайце ў суд на фірму, якая адразу ж збанкруцілася. Хтосьці кола ад веласіпеда скрадзе, і можа некалькі гадоў атрымаць, а тут людзей падманулі агулам на дзесяткі тысяч даляраў – і ўсё, як з гуся вада”.

Дарэчы, на вяртанне грашовых сродкаў многія зараз і не спадзяюцца.

“Фірмы няма, дырэктар за той час, пакуль ішло разбіральніцтва, ужо паспела пенсію аформіць, – кажуць мне падманутыя кліенты “Неролі”. – Не выключана, што за той жа час і маёмасць усю перапісала на іншых. Можа быць, будуць вылічваць нейкія капейкі з яе пенсіі, але вы ж разумецце, колькі ў такім выпадку гадоў ёй трэба будзе аддаваць грошы людзям”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя