Падпіска на выданні – справа дабравольна-прымусовая



Што падпіска на друкаваныя выданні – справа дабравольная, ведаюць усе. Але работнікі падатковай інспекцыі з Гародні відавочна пра гэта не чулі.

Бо на рынку „Паўднёвы” імі ажыццёўлены рэйд па падпісной кампаніі на часопіс „Кансультант прадпрымальніка”. Сярод прадпрымальнікаў ёсць тыя, якія адчулі неправамерны ціск падчас падпіскі. Кажа старшыня Рады прадпрымальнікаў Рынку „Паўднёвы” Андрэй Шасцяракоў:  

– Кошт глянцавага часопісу 16 рублёў 41 капейка. Зараз гэта істотныя грошы. Калі прадпрымальнік у дадзенай сітуацыі, не маючы сродкаў, адказваецца, то інспектар цісне на прадпрымальніка. Перапісваецца нумар гандлёвага месца, і прадпрымальніка папярэджваюць, што ён кандыдат №1 на пазапланавую праверку. Як гэта зразумець? Чаму да гэтай пары існуе гэтая практыка?

Сярод заваёў прадпрымальніцкай супольнасці ў Беларусі, на думку Андрэя Шасцяракова, названа надзея, што адзін з дзесяці пунктаў рэзалюцыі форума Грамадскага Аб’яднання „Перспектыва” будзе ажыццёўлены ўладамі. І ён датычыць тэмы сацыяльнага страхавання. Цяпер рыхтуецца Указ, які павінен вярнуць сітуацыю на 2013 год, калі існаваў прынцып: “працуеш – плаціш, не працуеш – не плаціш” адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня