Падрыхтаваны даклад аб сітуацыі з катаваннямі ў Беларусі



Даклад аб сітуацыі з катаваннямі ў Беларусі, падтрыхтаваны кааліцыяй праваабарончых арганізацый, будзе прадстаўлены напрыканцы красавіка ў Камітэце супраць катаванняў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Актывістам удалося сабраць шматлікія сведчанні пацярпелых ды рэзанансныя справы апошняга часу. Усе гэтыя звесткі былі пакладзеныя ў аснову даклада. „Пенітанцыярная сістэма застаецца па-ранейшаму закрытай для грамадскага назірання. Менавіта таму заклікаем людзей не баяцца агучваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання”, – кажа праваабаронца Сяргей Усцінаў:

– Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў адносінах асуджаных па артыкуле 328 трэба стварыць такія ўмовы ў калоніях, каб яны смерці прасілі. То бок улада на вышэйшым узроўні гаворыць, што катаванні нібыта не зусім не дапушчальныя. Вялікай праблемай з’яўляецца адсутнасць незалежнага грамадскага назірання за месцамі няволі. Мне адмаўлялі тры разу на ўключэнне ў рэспубліканскую грамадскую назіральную камісію.

Па выніку слуханняў урад мусіць атрымаць шэраг рэкамендацый у галіне барацьбы з катаваннямі ды жорсткім абыходжаннем. Беларускія ўлады да сёння не даюць згоду на візіт спецдакладчыка па пытанні катаванняў, хаця праваабаронцы дамагаюцца гэтага ўжо каля дзесяці гадоў.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя