Падыходзіць да заканчэння „сезон клубніцаў” на Берасцейшчыне



Падыходзіць да заканчэння „сезон клубніцаў” на Берасцейшчыне. У большай частцы буйных і дробных фермераў Лунінеччыны гэтыя дні асабліва напружаныя, бо цана напрыканцы сезона расце і клубніцы можна выгадна прадаць.

Падрабязней пра сваю справу апавядае ўладальніца клубніцавых плантацый, лунінчанка Валянціна Болатнева, якая ад самага ранку збірае ягады, каб ужо да абеду паспець іх здаць альбо прадаць:

Увогуле з самай раніцы, звычайна да 12-й цана тут большая: нават да трох рублёў. Дзяржаўныя скупшчыкі бяруць па 50 капеек, але туды ўжо адбіраецца дробная, якая ідзе на перапрацоўку на віно. У сярэдзіне сезону, калі найбольшы наплыў, цана на клубніцы была невялікая: даходзіла да рубля і нават да 80 капеек.

РР: Раней выходзіла яе выгадна здаваць?

Найбольш выгадна здаваць першыя і апошнія клубніцы. Сярэднія клубніцы, калі ад усіх яны ідуць масава, як правіла, самая танная.

РР: Калі вы пачалі збор ураджаю гэтага сезону?

Першыя клубніцы сёлета мы недзе 15-га траўня ужо рвалі для сябе,а масава пачалі здаваць 25-га траўня.

РР: Колькі за сезон удаецца зарабіць?

Усё залежыць ад таго, якая цана на клубніцы. Калі, вядома, цяпер добрая цана, то і нам цікава і выбіраць і прадаваць, хто яна апошняя і дробная. Цяпер у асноўным бяруць на Расею, а там яна на варэнне, відаць.

РР: Вы даўно займаецеся вырошчваннем клубніц?

Увогуле мы займаемся ужо хіба 32 гады. Як я выйшла замуж, так і пачала займацца.

РР: Колькі у вас гектараў?

Гектары — гэта ў фермераў, якія займаюцца. У нас, бадай, сотак 40. Тут закінутая зямля, таму яе людзі распрацавалі, каб яна не пуставала. Некалі калгас ад яе адмовіўся, таму людзі пазаймалі і дачы тут ва ўсіх. Права забудовы тут няма, таму людзі садзяць, што могуць, апрацоўваюць.

РР: А што за гэты час вы зарабілі?

Мая машына стаіць, далёка хадзіць не трэба. Дзяцей адвучылі, дзецям кватэры пабудавалі: у сына кватэра ў Менску, у дачкі у Лунінцы, у нас — дом. Я не магу сказаць, што ўсё гэта толькі на клубніцах. Мы увесь час працуем. Увогуле мы прыватныя прадпрымальнікі. Але адно другому не замінае.

РР: Вы апрацоўваеце і збіраеце уласнымі сіламі, ці прыцягваеце людзей звонку?

Бывае і прыцягваем. Але часцей за ўсё, сёння выбіраем дачцы, заўтра — мне, а паслязаўтра — сястры, а потым па новай пачынаем. У я сёння не паспела, выбіраем нам.

РР: Вы засаджваеце соткі нейкімі адмысловымі гатункамі?

Я брала «Альбу», «Францыю», «Кімберлі» — гатункі добрыя для нашых умоў надвор’я.

Ураджайнасць клубніц залежыць ад надвор’я. Адпаведна, гэта ўплывае і на колькасць грошаў якія можна зарабіць за сезон. «Што праўда, у нас ёсць свае хітрыкі каб выратаваць ураджай у выпадку неспрыяльнага надвор’я», падсумоўвае Валянціна Болатнева.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Лунінец