Пагаспадарылі па-варварску



Кобрынскі лясгас атрымаў на свой баланс адабраную ўладамі ў прадпрымальніка Васіля Андрэюка тэрыторыю з нерухомасцю: мазутна-помпавай станцыяй.

Новыя ўладальнікі павялі сябе як вандалы, кажа Васіль Андрэюк:

– У раёне мазутна-помпавай станцыі адсутнічаюць дзве ёмістасці для захоўвання мазута. Ёмістасці ўжо дэмантаваныя. Таксама знесена палова будынка самой мазута-помпавай станцыі. Разліты мазут. Выкапаны прыямак для зліву мазута, каб потым прысыпаць і закапаць. Парушана эстакада для зліву мазута.

Паводле Васіля Андрэюка, таксама былі спілаваны дрэвы на гэтай тэрыторыі. Такія варварскія дзеянні не толькі шкодныя ў эканамічным плане, але яшчэ і небяспечныя ў экалагічным. Пра гэта паведаміў Андрэюк у Кобрынскі РАУС, выратавальную службу і ахову прыроды.

Васіль Андрэюк прыдбаў на аўкцыёне гэты ўчастак зямлі з нерухомасцю паблізу чыгункі ў 2009 годзе. Яго фірма “Нарбут” займалася продажам будматэр’ялаў. Андрэюк збіраўся пашырыць сваю справу. Але ў 2016 годзе райвыканкам адабраў зямлю і перадаў цяпер лясгасу. Укладзеныя ў гэтую нерухомасць сродкі, эквівалентныя 30-ці тысячам даляраў, прадпрымальніку ніхто не вярнуў.

Беларускае Радыё Рацыя