Пайшоў з жыцця Марат Афанасьеў



У Жлобіне на 71-м годзе жыцця памёр адзін з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марат Афанасьеў. Былы дэпутат Вярхоўнага савета ХІІ склікання і экс-мэр Жлобіна быў заўважнай асобай у дэмакратычным руху Беларусі.

Гомельскі палітык Уладзімір Кацора мяркуе, што аўтарытарны рэжым не даў магчымасці раскрыцца талентам Марата Афанасьева.

– Ён удзельнічаў амаль ва ўсіх выбарах, асабліва ў так называемы парламент. Заўсёды ў яго было другое – трэцяе месца. Духам не падаў. Апошнія гады, можа дзесяць гадоў, асабліва калі з ім не працягнулі кантракт на БМЗ, ён вельмі перажываў. Тады ён стаў больш самарэалізавацца праз тое, што пісаў матэрыялы. Пры нармальнай дэмакратычнай сістэме зусім па-іншаму склаліся б і яго кар’ёра, і яго жыццё, ён бы змог як спецыяліст рэалізавацца.

Марат Афанасьеў быў адным з вядучых незалежных экспертаў у сферы энергетыкі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. За сваю працоўную кар’еру ён паспеў пабыць на кіраўнічых пасадах металургічных камбінатаў у Расеі, Егіпце і Беларусі. У апошнія гады ён займаўся апазіцыйнай дзейнасцю і быў публіцыстам у некалькіх незалежных СМІ.

Пахаванне Марата Афанасьева адбудзецца 13 снежня ў Жлобіне а 14-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя