Пайшоў з жыцця Уладзімір Мурахвер



На 86-м годзе пайшоў з жыцця мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выбітны майстар мастацкага шкла – Уладзімір Мурахвер. Уладзімір Сямёнавіч каля паўстагоддзя свайго жыцця прысвяціў працы ў мастацкіх майстэрнях шклозавода “Нёман” ў Бярозаўцы Лідскага раёна.

33_myraxver

Фота БелаПАН

Аўтар шматлікіх аўтарскіх прац у сферы мастацкага шкла, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі і ганаровы акадэмік Расейскай акадэміі мастацтваў – Уладзімір Мурахвер быў надзвычай інтэлегентным і сціплым чалавекам, узгадвае калега па майстэрні  – Алёна Ткачова.

– Ён увогуле быў чалавекам вельмі яскравым. Акрамя таго, што ён вельмі добры мастак, ён быў вельмі адукаваным і інтэлігентным чалавекам. Мы працавалі разам з ім і за гэты час я не памятаю, каб ён хоць раз павысіў голас, каб неяк некарэктна адказаў. Заўсёды вельмі лагодны, спакойны, інтэлігентны. І гэта бачна па ягоных працах.

Незадоўга да сваёй смерці Уладзімір Мурахвер падараваў Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею асноўную частку сваіх твораў. Гэта графічныя малюнкі, жывапіс, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкае шкло, а таксама асабістыя рэчы з мастацкай майстэрні, дзе ён працаваў доўгія годы. Акрамя гэтага, яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеі шкла ў Даніі, а таксама ў музеях Гародні, Смаленска, Санкт-Пецярбурга і прыватных калекцыях Украіны, Германіі, Польшчы і ЗША.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя