Пакараны смерцю другі асуджаны па справе „чорных рыэлтараў”



У Беларусі пакараны смерцю другі асуджаны па справе „чорных рыэлтараў” — Ігар Гершанкоў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Днём 28 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе маці Гершанкова атрымала пацвярджэнне аб прывядзенні прысуду ў выкананне.

Напярэдадні стала вядома пра расстрэл іншага асуджанага па гэтай справе — Сямёна Беражнога.

Дакладная дата абедзвюх пакаранняў смерцю невядомая.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы „чорных рыэлтараў” Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымаганні, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры здзяйсненні забойства і пры выкраданні чалавека. Беражнога і Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

Пакаранне Гершанкова — чацвёрты выпадак выканання смяротнага прысуду з пачатку года. Акрамя фігурантаў справы „чорных рыэлтараў” раней былі пакараныя неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, які ўчыніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў, і Віктар Лётаў — у 2017 годзе ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

БелаПАН

Фота: TUT.by