Палітычныя справы ў Бярозе і Белаазёрску



Бярозаўская і белаазёрскія міліцыя, суддзі суда Бярозаўскага раёна ўжо другі месяц займаюцца ў асноўным палітычнымі справамі. Іх увага пераключаная на пакаранні за несанкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы.

Праваахоўныя і судовыя органы забыліся, што па Канстытуцыі людзі маюць права на мірныя сходы, –  кажа стаматолаг Белаазёрскай лякарні Віктар Зінкевіч, якога за ўдзел у масавым мерапрыемстве суддзя Дзмітрый Кавалевіч пакараў штрафам:

– Я лічу сябе невінаватым, таму  што мае правы гарантуе Канстытуцыя. Частка 35 Канстытуцыі дае мне права на свабоду мітынгаў, сходаў і нават гарантуе мне гэтыя правы. У судзе мы ўпэўніваемся, што не гарантуе. Па-сутнасці суд прызнае, што Канстытуцыя для яго не існуе.

Другі пакараны ў гэты дзень суддзёй Людмілай Рудзьман жыхар Белаазёрска Іван Тарасюк, які пераходзіў з крамы ў краму і выпадкова трапіў у паток людзей, што ўдзельнічалі ў маршы, наогул не ведае, за што пакараны:

– Пяць базавых далі, за што? Не зразумела, канешне. Я чакаў, што менавіта так будзе, выжывем.

Ні Віктар Зінкевіч, ні Іван Тарасюк абскарджваць рашэнні суда не будуць. Па іх меркаваннях, з прычыны адсутнасці судоў у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя