Палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука пераводзяць з „хіміі” ў калонію



Як стала вядома праваабаронцам „Вясны”, палітзняволенаму фігуранту „справы карагодаў” Дзмітрыю Абрамуку праз парушэнні рэжыму ПУАТ суд замяніў „хімію” на калонію. 17 лютага палітвязня змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак за адмову прыбірання туалетаў. У гэты час над Дзмітрыем адбыўся суд, які і замяніў пакаранне на больш жорсткае: замест трох гадоў „хіміі” – 1 год і 1 месяц калоніі. Цяпер Дзмітрый утрымліваецца ў СІЗА Віцебска, паведамляе spring96.org.

Нагадаем, напрыканцы лістапада адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітзняволенага на новы ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». У снежні-студзені ён па чатырох рапартах аб парушэннях быў змешчаны ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля вяртання яго на «хімію» пры паходзе ў краму ён пакінуў ПУАТ — яго змясцілі ў СІЗА да суда. Але праз некаторы час яго вярнулі на „хімію”.

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай „справы карагодаў”. 15 сакавіка суд пакараў Дзмітрыя двума гадамі „хіміі” па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў „хіміі” яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначылі тры гады „хіміі”.

Днямі ў гэтым жа ПУАТ замянілі пакаранне на больш жорсткае яшчэ аднаму палітвязню – Раману Смолькіну. На гэтай „хіміі” адбываў тэрмін палітзняволены рок-музыка Ігар Банцэр.

[manual_related_posts]