Палітзняволенага Дзяніса Чыкалёва прыгаварылі да трох гадоў абмежавання волі



Суд Фрунзенскага раёна Менска 22 сакавіка вынес прысуд 34-гадоваму палітвязню з Гомеля Дзянісу Чыкалёву, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Суддзя Алена Бушава вынесла яму прысуд — тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Пасля сямі месяцаў пад вартай Чыкалёва вызвалілі ў зале суда.

Чыкалёва затрымалі 10 жніўня 2020 года ў Менску і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу на падставе ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках). Затым абвінавачанне перакваліфікавалі на больш мяккае — паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Згодна з матэрыяламі справы Чыкалёў парушыў 9 жніўня 2020 года работу аднаго са сталічных аўтобусных маршрутаў. За гэта „Менсктранс” выставіў іск на 6.126 рублёў і 81 капейку, але яго перанакіравалі разглядаць у грамадзянскім парадку.

Дзеянні Чыкалёва, паводле версіі абвінавачвання, спрыялі блакаванню руху транспарту і парушылі яго працу. Пры сабе ў гамяльчаніна былі знойдзеныя „нож, спіртное і элементы абароны”. У канфіскаваным мабільным тэлефоне праваахоўнікі знайшлі відэазапісы і перапіску, у якой нібыта „абвінавачваны выказвае свой намер удзельнічаць у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак”.

Паводле інфармацыі следства, раней гамяльчанін „з’яўляўся адным з лідараў пратэстнага руху „Зубр”, больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку неаднаразова за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы”.

У верасні мінулага года беларускія праваабаронцы прызналі Чыкалёва палітвязнем.

У судзе ён не прызнаў віну.