Палітзняволенай Рэнаце Смірновай прысудзілі два гады „хатняй хіміі”
Суд Заводскага раёна Менска 29 студзеня вынес прыгавор 19-гадовай палітзняволенай Рэнаце Смірновай. Яе прызналі вінаватай на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і прыгаварылі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка. Дзяржабвінавачванне прадстаўляў пракурор Зубік.
Рэната Смірнова была затрыманая 1 лістапада разам з Іванам Зубко на маршы супраць тэрору ў Менску. У дачыненні да яе распачалі крымінальную справу і адпусцілі. Пазней яна была затрыманая пры перасячэнні мяжы, ёй змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту да суда.
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што 1 лістапада яна стаяла ў першым шэрагу счэпкі і блакавала дарогу на праспекце Незалежнасці. Нанесеную „Менсктрансу” шкоду ацанілі ў 10.700 рублёў.
У судзе ў якасці сведкі быў дапытаны Іван Зубко і паказаны запіс з нагруднай камеры супрацоўніка АМАП. На запісе відаць, што Смірнова стаіць не ў першым шэрагу, без плакатаў і сімволікі. Паводле слоў Зубко, калі сілавікі накіравалі ў бок пратэстоўцаў зброю і запатрабавалі сысці з праезнай часткі, Смірнова „адразу ж падпарадкавалася”. Аднак каля дома 101 па праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні, людзі сталі ў счэпку. Зубко збівалі, душылі і павялі ў аўтазак — дзяўчына пайшла за ім і таксама папрасілася ў аўтазак. Спачатку яе спрабавалі адправіць дадому, але потым забралі: у аўтазаку схапілі за валасы і паставілі на калені.
У судзе Смірнова пагадзілася з тым, што парушыла закон, але заявіла, што гэтае правапарушэнне ніяк не „цягне” на крымінальны артыкул.
Пракурор запрасіла для Смірновай два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а таксама вызваліць яе з-пад варты пад залог. Адвакат прапанаваў закрыць справу, таму што за адно правапарушэнне двойчы не прыцягваюць да адказнасці, а па справе за 1 лістапада Рэнату ўжо асудзілі па адміністрацыйным артыкуле.
Суддзя Кацярына Мурашка прызначыла Смірновай два гады абмежавання волі па месцы жыхарства. Іск „Менсктрансу” будзе выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць.
1 лістапада ў Менску адбыўся Марш супраць тэрору. Яго ўдзельнікі прайшлі ад станцыі метро „Парк Чалюскінцаў” да ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Сілавікі перашкаджалі руху калон, выстаўляючы заслоны і выкарыстоўваючы спецсродкі. Паводле звестак праваабаронцаў, было затрымана не менш як 286 чалавек. На наступны дзень Следчы камітэт паведаміў, што распачатая крымінальная справа „па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса”. Падазраваным быў прызнаны 231 чалавек.
