Палітзняволенаму Алегу Мазгову зменена мера стрымання
Палітзняволенаму Алегу Мазгову 1 снежня зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе, паведаміў пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Мазгоў — фігурант крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).
„25-гадовы спартсмен Алег Мазгоў да затрымання працаваў у Менску фітнес-трэнерам, займаўся боксам. Да арышту ўладкаваўся на другую працу грузчыкам, каб зрабіць дома рамонт і падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці. Быў затрыманы 1 верасня за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 на Валадарскага”, — паведамляюць праваабаронцы.
Палітвязнем Мазгоў быў прызнаны 17 верасня. Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 146 чалавек.
