Палітзняволены Ігар Рудчык прыгавораны да 4-х гадоў



Суд Заводскага раёна Менска 2 красавіка вынес прысуд 26-гадоваму палітзняволенаму Ігару Рудчыку. Ён прызнаны вінаватым на падставе ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Справу разгледзела суддзя Алена Капцэвіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівала памочнік пракурора Заводскага раёна Качанава.

Ігара Рудчыка абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня з 22.30 да 01.00 ён удзельнічаў у масавых беспарадках на скрыжаванні вуліц Сурганава — Куйбышава — Бяды, а менавіта будаваў барыкады, разбіраў тратуарную плітку, узыходзіў на барыкады, біў палкай па звалцы, залазіў на апору дарожнага знака. Паводле версіі следства, ён нецэнзурна лаяўся і агаляўся — здымаў майку і махаў ёй на барыкадах.

Сярод доказаў былі фатаграфіі, на якіх мужчына, падобны на Рудчыка, трымае драўляную палку і б’е па барыкадах. Да справы далучаныя скрыншоты з сацыяльных сетак, навіны з інтэрнэт-парталаў. Падчас вобшуку дома ў палітвязня не было нічога вынята.

У судзе Рудчык прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыі, падымаўся на барыкады і біў па іх, аднак ён сцвярджае, што не ствараў перашкод супрацоўнікам міліцыі і не ўсталёўваў барыкады. Рудчык адмаўляе ўдзел ва ўзброеным нападзе. У апошнім слове палітзняволены папрасіў прабачэння за тое, што зрабіў.

У спрэчках адвакат абвінавачанага Алена Майсеня падкрэсліла, што яе падабаронны не цікавіцца палітыкай і не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, таму справу нельга трактаваць як палітычную. Яна адзначыла, што Рудчык не ўсталёўваў барыкады, а стаяў на іх, нагадала пра адсутнасць папярэдняй змовы. На думку адваката, дзеянні Рудчыка трапляюць пад ч. 1 арт. 342 КК.

Бок абвінавачання падкрэсліў, што абцяжарвальнымі абставінамі сталі папярэдняя змова і стан алкагольнага ап’янення, аднак чыстасардэчнае прызнанне змякчае віну. Дзяржабвінаваўца папрасіла выключыць з абвінавачання ўдары рукамі і нагамі па прадметах і пакараць абвінавачанага чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Акрамя таго, памочнік пракурора хадайнічала аб спагнанні шкоды на карысць „Мінсктранса” на 3.000 рублёў і „Спецкамунтранса” — на 21.000 рублёў. Іск будзе разгледжаны ў грамадзянскім парадку.