Палуцкая: Наша радыё дало магчымасць падыхаць свабодай



У Гародні ў межах HrodnaMediaROOM, што ладзіцца ў цэнтры гарадскога жыцця, былая рэдактарка першага незалежнага радыё НБК Ніна Палуцкая зладзіла практыкум па гісторыі журналістыкі.

Радыё НБК ў Гародні праіснавала з 1993 па 1996 год і яно стала для гарадзенцаў невялікім адчуваннем свабоды.

Кажа Ніна Палуцкая:

– Далі магчымасць даведацца, што існуе не абавязкова заскарузлае, савецкае радыё. А яно можа быць свабодным, вясёлым, з нармальнымі інтанацыямі, з нармальнымі людзьмі. 

Для аднаго з арганізатараў сустрэчы,  журналісткі Вольга Корсун,  сустрэча з Нінай Палуцкай  – гэта сустрэча з легендай беларускай журналістыкі:

– Мы запрасілі  чалавека, які стаяў ля вытокаў незалежнай журналістыкі Гарадзеншчыны. У 90-х гадах стварыў тут першае незалежнае радыё. Таму нам было вельмі важна захаваць успаміны пра той час, пра тое, як стваралася гэтае радыё. Яе шмат хто ведае і ў прафесійнай сферы, і сярод гарадзенцаў. Мы хацелі, каб гэты чалавек прыехаў, расказаў пра сваё жыццё, чым займаецца зараз. Я думаю, што спадарыні Ніне было прыемна зноў прыехаць у Гародню, адчуць сябе запатрабаванай.

Пляцоўка HrodnaMediaROOM стала месцам сустрэчы з вядомымі беларускімі журналістамі і медыя-экспертамі. На сустрэчу з гарадзенцамі ўжо прыязджалі Аляксандр Фядута, Ягор Марціновіч і Юлія Слуцкая.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня