Памерла Алёна Лапацкая, старшыня Шаркаўшчынскай суполкі ТБМ



Сумная навіна прыйшла з мястэчка Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Памерла пасля анкалагічнага захворвання Алёна Лапацкая, настаўніца Лужкаўскай сярэдняй школы і старшыня Шаркаўшчынскай раённай суполкі Таварыства беларускай мовы. Ёй было 37 год. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку грамадскі актывіст і краязнавец Кастусь Шыталь.

„Алёна была адданая сваёй прафесіі і выхаванню маладога пакалення. І яна старалася, каб гэтае маладое пакаленне, вясковыя і местачковыя дзеці, выраслі беларусамі. Яна старалася прывіваць ім любоў да Беларусі, беларускай культуры і да свайго роднага мястэчка.

Хоць ейныя прадметы – выкладала яна біялогію і хімію – не прымушалі яе займацца папулярызацыяй беларушчыны, яна рабіла гэта вельмі старанна. Перакладала на беларускую мову мультфільмы, якія агучвалі яе вучні (https://nn.by/?c=ar&i=189545). Збірала дзяцей на прыборку старога вадзянога млына (https://nn.by/?c=ar&i=195810). Ладзіла на вуліцах Лужак апытанне да Дня роднай мовы. Пад яе ўплывам многія вучні пачыналі пісаць у сацсетках па-беларуску.

Алёна Лапацкая ўдзельнічала ў культурніцкіх імпрэзах, якія ладзіліся незалежнай грамадзянскай супольнасцю ў Германавічах і Шаркаўшчыне. Дапамагала ў падрыхтоўцы і правядзенні гэтых імпрэзаў, не зважаючы на тое, што мясцовае чынавенства глядзіць коса на такую актыўнасць.

Алёна была вельмі добрым, светлым чалавекам. Падтрымлівала, падбадзёрвала людзей добрым словам. Нават у цяжкай хваробе яна не страціла гэтай добразычлівасці.

Яна была адной з сотняў беларускіх настаўнікаў, якія не даюць нашаму грамадству здзічэць і забыцца на свае карані. І яна гэтую сваю ролю і пакліканне выканала. Надзвычай шкада і надзвычай балюча, што так рана яна сыйшла з гэтага свету. Пакінула дзвюх дачок-школьніц, якім яшчэ была б патрэбная матчына любоў і ўвага”.

Светлая памяць…