Памерла Антаніна Піванос, аўтарка вышыванак для Барыса Хамайды



75-гадовая віцебская актывістка сышла ў лепшы свет, захварэўшы на каронавірус.

У пачатку 1990-х Антаніна Піванос была ў ліку тых, хто вітаў дэмакратычныя перамены і незалежнасць Беларусі , прыгадвае яе даўні сябар Барыс Хамайда:

– У 1990-я яна вельмі актыўна ўсюды ўдзельнічала, і ў клубе “За дэмакратычныя выбары” я яе памятаю добра. І потым, калі выбары праходзілі, была назіральніцай. Яна заўсёды, як кажуць, была ў першых шэрагах. І штрафы Піванос давалі. Абскарджвала, дайшла да Камітэта па правох чалавека.

Антаніну Піванос не аднойчы судзілі і штрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах, на якія яна выходзіла разам з чальцамі АГП. У апошнія гады сталая жанчына пачувалася не лепшым чынам і ўжо не выходзіла на вулічныя акцыі. Але яна знайшла іншае прымяненне сваім здольнасцям: занялася вышыўкай, і зрабіла некалькі вышыванак для найстарэйшага віцебскага актывіста Барыса Хамайды. Яна падаравала яму плакат-вышыванку са словамі “Жыве Беларусь”, якую неўзабаве сканфіскавалі міліцыянты. І двойчы, у 2008 і ў 2012-м годзе, рабіла для яго вышыванкі са словамі малітвы “Ойча наш”. Першую міліцыянты забралі амаль што адразу. Другая ўпрыгожвала “працоўнае месца” распаўсюдніка незалежнага друку каля так званага “сіняга дома” ў Віцебску аж да канца 2020-га году – пакуль міліцыянты таксама не сканфіскавалі беларускамоўны артэфакт, бо ім не спадабаліся чырвоныя літары, вышытыя на белай палатніне.

Антаніна Піванос нарадзілася ва Украіне, у Шапятоўцы Хмяльніцкай вобласці. Але амаль 60 гадоў яна пражыла ў Віцебску, дзе яе многія ведаюць і прыгадваюць добрым словам за грамадзянскую смеласць, чуласць і добразычлівасць. Развітанне з Антанінай Піванос адбудзецца заўтра з 12 да 13 дня ў рытуальнай залі на вул. Петруся Броўкі.

Беларускае Радыё Рацыя