Памерлага 17 гадоў таму запісалі ў «дармаеды»



На мінулым тыдні жыхарцы Лунінецкага раёна прыйшоў ліст на імя сына, які памёр 17 гадоў таму.

– Я прыехала з заробкаў, а ў мяне ліст тырчыць у брамцы, я прачытала яго і нічога не разабрала, аднесла свайму (мужу – рэд.), ён ужо разабраўся, – распавяла «Медыя-Палессю» пра здарэнне пенсіянерка Надзея Адамаўна Кузьміч, якая атрымала на імя памерлага сына ліст з падатковай інспекцыі.

У слязах Надзея Адамаўна патэлефанавала на пазначаны ў лісце нумар і спытала, няўжо і тым, хто ляжыць у зямлі, таксама трэба плаціць падатак. У ІМПЗ Лунінецкага раёна, як кажа жанчына, яе перапрасілі і растлумачылі, што прозвішча патрапіла ў спісы грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, памылкова.

Патлумачыўшы сітуацыю, ніякіх пацвярджальных дакументаў, тлумачыць Надзея Адамаўна, у падатковую інспекцыю за сына несці ёй не спатрэбілася.

– Ну, няхай бы год прайшоў пасля смерці, а то 17! – маці здзіўляецца, як прозвішча магло патрапіць у тыя самыя спісы. – Яго ўжо там і костак, напэўна, няма…

Нягледзячы на гады, рана на сэрцы маці не гоіцца, а калі такім чынам нагадалі пра сына, стала ў разы больш балюча.

– Атрымала гэты ліст і вечар плакала, ноч плакала… Маё дзіця сканала, калі яму не было і 18 гадоў. – Надзея Адамаўна распавядае, што яе сын вучыўся тады ў мясцовым каледжы.

Акрамя заўчасна памерлага Сашы жанчына выхавала яшчэ траіх дзяцей. Адной з дачок цяпер яна дапамагае плаціць крэдыт за жыллё.

– Я 30 гадоў прапрацавала на ферме, а пенсія – 200 рублёў. Гаспадарку трымаю, даводзіцца хадзіць на заробкі, каб дзецям дапамагчы, – распавядае вяскоўка.

Абуральнае паведамленне жанчына адразу ж спаліла, не плаціць жа ёй збор за нябожчыка сына, якога прынялі за «дармаеда»?!