Памочнік Аляксандра Лукашэнкі наведаў Амелянец



“Апошнюю сярэднюю беларускамоўную школу Камянецкага раёна ў вёсцы Амелянец наведаў памочнік кіраўніка дзяржавы – інспектар па Берасцейскай вобласці Анатоль Маркевіч.

30 студзеня ён вывучаў эфектыўнасць дзеянняў мясцовых орагаў улады па падвышэнні ўмоў функцыянавання згаданай школы”, – паведамляе vkontakte-супольнасць “Камянецкая паказуха”. Гэтую ж інфармацыю пацвердзіў і настаўнік геаграфіі і фізкультуры школы Павел Кендысь, які выступае за яе захаванне:

– Я зайшоў у настаўніцкую, там былі Маркевіч, дырэктар мой, потым яшчэ настаўнікі падышлі. Пагаварылі пра жыццё настаўніцкае. Па ягоных словах, добрыя ўражанні аб школе. Маўляў, умовы тут у прынцыпе нармальныя, ёсць дасягненні ў настаўнікаў і вучняў.

Анатоль Маркевіч падчас візіту таксама паглядзеў фрагмент аднаго з урокаў у Амелянецкай сярэдняй школе. Дакладна невядома, ці звязаны візіт з петыцыяй у абарону ад мажлівай ліквідацыі згаданай школы, што ў выніку прывяло б да размеркавання вучняў і настаўнікаў па іншых, ужо пераважна рускамоўных школах рэгіёна. “Паглядзім, што з гэтага атрымаецца”, – падсумоўваюць амелянчукі.

Беларускае Радыё Рацыя.

[manual_related_posts]