Памочнік прэзідэнта правядзе ў Берасці прыём па пытаннях Дэкрэта №3



Памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Берасцейскай вобласці Васіль Герасімаў 17 лютага правядзе прыём грамадзян па пытаннях, звязаных з Дэкрэтам №3. Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай вэб-старонцы Берасцейскага аблвыканкама. “Людзі ня вераць, і я сама не да канца веру, што нас пачуюць ва ўладзе, але мы жывем у дэмакратычным грамадстве і маем права выказаць сваё меркаванне”, – кажа актывіствка мясцовага аддзялення Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Захаранка, якая займалася зборам подпісаў за адмену Дэкрэта №3:

– Я ніколі не бачыла такога актыўнага збору подпісаў. Табе нават нічога не трэба гаварыць, людзі падыходзяць самі. Чаму падыходзяць? Таму што няма грошай і няма працы. І амаль кожны нешта табе дамагаецца данесці, бачыць у табе нейкага ратаўніка свайго, расказвае сваю сітуацыю. Таму на вуліцы мы знаходзім гэтую сувязь з людзьмі менавіта на нейкім другім узроўні – душэўным.

Прыём грамадзян памочнікам прэзідэнта адбудзецца ў пятніцу з 9 да 12 гадзін на тэрыторыі Берасцейскага аблвыканкама. Праўда, для таго каб трапіць на прыём, ахвотныя мусілі папярэдне зарэгістравацца за дзень да пачатку прыёма па вызначаных нумарах тэлефонаў і ў пэўны час.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце