Памяці расстраляных вязняў Беразвецкай турмы



Памяць расстраляных вязняў Беразвецкай турмы (цяпер Глыбоцкая) ушанавалі ў Мікалаеве, што ў Шумілінскім раёне.

Там 26 чэрвеня 1941 года канваіры НКУС расстралялі каля 1000  чалавек. У той час вязняў вялі ў Віцебск, па дарозе адбыўся налёт нямецкіх самалётаў. Тады саветы вырашылі ўсіх расстраляць. Па ўспаміных мясцовых жыхароў, толькі адзінкі выратаваліся.

Аднаго з вязняў хавала сям’я  Ядзвігі Глушэвіч з Мікалаева. Кажа жанчына:

– Была малая, але помню, як вазілі. Хадзілі па вёсцы, коней збіралі, і вазілі іх. Па шашы іх гналі і там расстралялі. Накідваюць іх на вазы, вязуць.  А кроў цячэ. Некаторыя яшчэ крыху жывыя. Некаторыя ўцяклі. Адзін уцёк, па кустах хадзіў. Да нас прыбіўся і ў нас жыў доўга, пакуль сціхла. І тады бацька на кані яго вывез. Той мужчынка доўга жыў яшчэ.

Паводле ксяндза Аляксандра Півавара, пробашча Бешанкавіцка-Ульскага і Мікалаеўскага, ён пачаў маліцца на могілках з 2014 года, калі парафіяне распавялі яму гэтую трагічную гісторыю:

– Мае парафіяне расказалі мне, што заўсёды была малітва, заўсёды прыходзілі пілігрымы маліцца на гэтае месца. Я ў 2013 годзе не ведаў, а ў 2014 годзе аднавіў гэтую традыцыю маліцца ў Мікалаеве за забітых з Беразвечча.

Ушанаваць памяць забітых сёлета прыйшло каля двух дзясяткаў чалавек. Гэта нашмат менш, чым было летась. Справа ў тым, што мясцовыя ідэолагі ды супрацоўнікі міліцыі і КДБ запужалі людзей у мінулым годзе. Ім не спадабаліся бел-чырвона-белыя сцягі, якія прывезлі менчукі, і тое, што на імпрэзе прысутнічалі апазіцыйныя грамадскія актывісты. Складаліся пратаколы, людзей выклікалі ў міліцыю, ім тэлефанавалі спецслужбы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара