Памяці Вінцэнта Гадлеўскага



Рух Салідарнасці “Разам” ушанаваў памяць айца Вінцэнта Гадлеўскага – каталіцкага святара, беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, лідара антынацысцкага супраціву.

2014-12-24_zavalnia_usanavannie_ks-hadleuskaha_fota4

Актывісты правялі акцыю памяці каля Крыжа на месцы яго расстрэлу фашыстамі. Гаворыць удзельнік акцыі Сяржук Мацковіч:

– Мы былі на акцыі ўшанавання памяці Вінцэнта Гадлеўскага ва ўрочышчы Благоўшчына. Пра такія месцы і пра такіх людзей абавязкова трэба ведаць і пашыраць гэтыя веды. Паглядзіце на Украіну, як яны ганарацца сваім Сцяпанам Бандэрам, па-сутнасці, Гадлеўскі – гэта наш беларускі Бандэра. Чалавек, які нягледзячы на цяжкія часы польскай, а пасля савецкай і нямецкай акупацыі, не пакідаў беларускую справу, не пакідаў служэння Бацькаўшчыне, і быў забіты нямецкімі акупантамі перад Калядамі 1943 года.

Памятны Крыж быў усталяваны ў 2008 годзе ва ўрочышчы Благоўшчына, непадалёк Трасцянецкага лагера смерці, што пад Менскам. Акцыю памяці Рух салідарнасці “Разам” праводзіць ужо дзясяты год запар.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя