Памёр 90-гадовы Уладзімір Бядуля



Ва ўзросце 90 гадоў памёр Уладзімір Бядуля — старшыня вядомага калгаса „Савецкая Беларусія”.

Пра гэта паведаміў 30 ліпеня ў „Фэйсбуку” журналіст Ігар Асінскі.

„Толькі што даведаўся ад найбліжэйшага вучня Уладзіміра Лявонцьевіча Бядулі Івана Кыса, што легендарны старшыня калгаса „Савецкая Беларусія”, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, „лятаючы мужык”, як назваў яго паэт Андрэй Вазнясенскі, памёр. Гэта быў сапраўды выбітны хлебароб. Царства Вам нябеснае, годны сын Беларусі!”, — напісаў Асінскі.

Дакладны час смерці і якія-небудзь падрабязнасці пакуль невядомыя.

Уладзімір Бядуля нарадзіўся 24 мая 1927 года ў вёсцы Падомша Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Калгас „Савецкая Беларусія”, што ў тым жа раёне, узначаліў у лютым 1956 года ва ўзросце 29 гадоў і кіраваў ім 50 гадоў. У гады СССР гэта была ўзорна-паказальная сельская гаспадарка, калгас шмат разоў быў пераможцам ва ўсесаюзных спаборніцтвах, ў 1971 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Уладзімір Бядуля неаднаразова абіраўся дэпутатам. У 1989—1991 гадах ён быў народным дэпутатам СССР; у 1967-1971 і 1985-1990 гадах — дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, у 1995-1996 — дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у 1997 годзе — членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Узнагароджаны двума залатымі зоркамі Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, „Знакам Пашаны”, ордэнам Айчыны III ступені, мае званне заслужанага работніка культуры Беларусі. У горадзе Камянец каля раённага Дома культуры прыжыццёва быў устаноўлены бюст Уладзіміра Бядулі.

Звальненне знакамітага старшыні ў сакавіку 2006 года стала для многіх нечаканым — за некалькі тыдняў да гэтага шырока адзначалі 50-гадовы юбілей яго старшынства. „Я ім даўно ўжо нязручны быў” — так каментаваў Бядуля журналістам сваю адстаўку.

Публічна прэтэнзіі да Бядуля агучыла Надзея Каткавец, якая займала тады пасаду першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Выступаючы 22 сакавіка 2006 года на справаздачным сходзе кіраўніцтва калгаса, яна заявіла: „У мяне сёння вельмі нялёгкая задача, таму што я стаўлюся да Уладзіміра Лявонцьевіч з вялікай павагай, аднак так працягвацца не можа”. „Ваша гаспадарка стаіць на месцы, а вы павінны ісці наперад. Зношанасць асноўных фондаў складае 60—70%. Уся тэхніка састарэла маральна і фізічна, а купіць новую вы не можаце, таму што ў гаспадаркі больш за 3 мільярды рублёў дэбіторскай запазычанасці, — цытавала чыноўніцу газета „Вячэрні Брэст”. — Вашы даяркі дояць на фермах па-старому, з вёдрамі, а павінны працаваць на сучасных даільных комплексах, абсталяваных камп’ютарамі. Сярэдні заробак па вашай гаспадарцы складае 290 тысяч рублёў, і толькі асобныя механізатары атрымліваюць па 800—900, астатнія ж ім зайздросцяць. Ва ўсіх базавых прадпрыемствах (гэта такія гаспадаркі, куды прэзідэнт замежныя дэлегацыі накіроўвае на экскурсіі. — Аўт.) Брэстчыны зарплата вышэйшая, чым у вас. Мы не маем права закрываць вочы на тое, што адбываецца ва ордэнаноснай гаспадарцы. Уладзімір Лявонцьевіч адпрацаваў сваё. Ён аддаў вам усё: розум, вопыт, сілы і волю. „Савецкай Беларусіі” патрэбна новая кроў … „.

Пасля звальнення Уладзіміра Бядулі калгас „Савецкая Беларусія” існаваў яшчэ шэсць гадоў, затым быў ліквідаваны як структурная адзінка — у лютым 2011 года калгас далучылі да суседняга прадпрыемства, ААТ „Белавежскі”.

Незадоўга да 90-годдзя, 18 мая 2017 года, рашэннем Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Уладзіміру Бядулю было прысвоена званне „Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна” за асаблівыя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, высокія дасягненні ў вытворчай, дзяржаўнай, сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці .

БелаПАН