Памёр актор Уладзімір Этуш
На 97-ым годзе жыцця памёр знакаміты актор савецкага і расейскага кіно Уладзімір Этуш.
Уладзімір Этуш нарадзіўся 6 траўня 1922 годза ў Маскве. Паходзіў з габрэйскай сям’і. Яго бацька – Абрам Этуш родам з Глуску, што ў Магілёўскай вобласці. Да Кастрычніцкага перавароту 1917 года бацька быў каміваяжорам, у гады НЭПа – уладальнікам невялікага цэху, пасля працаваў на будаўніцтве.
Маці актора – Раіса Канстанцінаўна – ажно да першага арышту мужа была хатняй гаспадыняй (Абрама Этуша арыштоўвалі двойчы), потым працавала касіркай у фотаатэлье.
У 1941 годзе Уладзімір Этуш запісаўся на фронт добраахвотнікам. У 1943 годзе пасля цяжкага ранення быў камісаваны. Скончыў акторскі факультэт Тэатральнай вучэльні імя Шчукіна. Праз 42 гады стаў рэктарам гэтай знакамітай тэатральнай вучэльні.
У кіно актор зняўся ў 36 стужках. Здымаўся таксама на „Беларусьфільме” – у дзіцячай кінастужцы „Прыгоды Бураціна” (1975 год).
Беларускае Радыё Рацыя
