Памёр Аляксандр Кулінковіч



Памёр Аляксандр Кулінковіч – саліст беларускага гурта „Нейра Дзюбель”. Яму было 46 гадоў.

Пра яго смерць паведамілі ўдзельнікі гурта. Паводле іх інфармацыі, раніцай у пятніцу Аляксандр накіраваў СМС аднаму з сяброў, што кепска сябе адчувае і выклікае хуткую.

Памёр сёння паміж 8-й і 9-й раніцы ў 3-й бальніцы ў Менску ад лёгачнай недастатковасці.

Прапануем вашай увазе фрагмент інтэрв’ю Аляксандра Кулінковіча нашаму радыё, дзе ён параўновае часы сваёй маладосці з цяперашнімі:

– Цяпер нават у дваццацігадовага чалавека ёсць нейкія дэвайсы ў кішэні, нейкія грошы ў гаманцы, нейкія перспектывы наконт працы, яшчэ чагосьці. Тады ў дваццацігадовых асабліва нічога гэтага не было, усе гулялі, усе адцягваліся, адвязваліся. Час быў такі, то бок перабудова скончылася, гэтыя самыя 90-я, калі нічога не было ўпарадкавана, паўсюдна быў бардак, калі спірт у шапіку прадаваўся ў літровых бутэльках. Усё ў нас упарадкавана. Калі зараз разбурыць нават той парадак, які ёсць, падабаецца ён камусьці ці не падабаецца, калі яго разбурыць, то прыйдуць часы, калі будзе не да музыкі, наступіць поўны хаос. Гэта ўпарадкаванне адбылося цывілізавана, эвалюцыйна. Гэтыя часы не вернуцца.

„Нейра Дзюбель” – рок-гурт з’яўляецца „патрыярхам” беларускага року. Стыль гурта – панк-рок ці, радзей, – „двуязычный ракенролл” (гэтае вызначэнне прыдумана самім гуртом, варта адзначыць, што з 2003 г., значную частку творчасці гурта складалі беларускамоўныя песні). Тым не менш, гурт выкарыстоўваў некалькі стыляў – ад рэгі і блюзу да хардкору. 

Апошні выступ гурта „Нейра Дзюбель” на „Басовішчы 2018” (з 5:03:42).

Апошняе інтэрв’ю з Аляксандрам Кулінковічам (з 6:14:41).

Беларускае Радыё Рацыя