Памёр амерыканскі сенатар Джон Макейн



Вядомы амерыкаснкі сенатар-рэспубліканец Джон Макейн памёр ў веку 81 года. Пра гэта паведаміла The New York Times. Да сваіх 82-ых угодкаў сенатар не дажыў пару дзён.

Адзначаецца, што побач з ім у апошнія хвіліны былі жонка і іншыя сваякі. „На момант смерці ён аддана праслужыў ЗША 60 гадоў” – гаворыцца ў паведамленні.

24 жніўня стала вядома, што Макейн адмовіўся ад далейшага лячэння пухліны мозгу, якую яму дыягнаставалі ў 2017 годзе. Сям’я канкрэтызавала, што прагрэс хваробы і ўзрост Макейна прывялі да рашэння спыніць лячэнне.

Джон Сідні Макейн нарадзіўся 29 жніўня 1936 года. Ён прадстаўляў у Сенаце ЗША штат Арызона, у 2016 годзе яго пераабралі на шосты тэрмін.

Дзед і бацька Макейна былі адміраламі Ваенна-марскіх сілаў ЗША. Джон Макейн таксама стаў прафесійным вайскоўцам, у 1958 годзе скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША, стаў лётчыкам палубнай авіяцыі. Ваяваў у В’етнаме, збіты савецкай ракетай над Ханоем у 1967 годзе, прабыў у палоне пяць з паловай гадоў і быў выпушчаны толькі ў 1973 годзе паводле ўмоваў Парыжскага пагаднення.

У 1981 годзе Макейн выйшаў у адстаўку з вайсковай службы, а ў 1982 годзе ўпершыню абраны ў Палату прадастаўнікоў Кангрэса ЗША ад Рэспубліканскай партыі.

У 2008 годзе Макейн балатаваўся ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі, але не быў абраны.

Сенатар Макейн быў адным з сама паслядоўнейшых крытыкаў імперскай палітыкі Расеі і неаднаразова выказваўся за ўзмацненне санкцый супраць афіцыйнай Масквы. Ён таксама актыўна крытыкаваў дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі, у звязку з чым у 2004 годзе Макейну забаранілі ўезд у Рэспубліку Беларусь.

Джона Макейна пахаваюць у сталіцы амерыканскага штата Мэрылэнд – Анаполісе, паведамілі The New York Times  у офісе сенатара.

Беларускае Радыё Рацыя