Памёр Арсень Ліс



Позна ўвечары 28 траўня ў Менску памёр выдатны беларускі літаратуразнавец Арсень Ліс. Даследніку было 84 гады.

Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў мясцовасці Вётхава, што паблізу Залесся (цяперашні Смаргонскі раён). Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, далей вучыўся ў аспірантуры Інстытуту мастацтвазнаўства пры АН БССР.

Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе, адначасна загадваў педагагічным кабінетам Шаркоўшчынскага РАНА. У 1957—1959 гг. працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

3 1962 малодшы, з 1965 старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Даследаваў фальклор, літаратуру, краязнаўства, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць беларускага нацыянальна-вызвольнга руху, гісторыю культуры. Аўтар манаграфій, літаратурных партрэтаў, эсэ. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментароў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць». Адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979). Аўтар падручнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская вусная народная творчасць» (1979; 2000), аўтар вялікага раздзела ў падручніку для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.» (2000).

Кандыдат філалагічных навук (1965), доктар філалагічных навук (1997).

З 2004 па 2008 год быў сябрам экспертнага савета ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь). Намеснік старшыні вучонага савета па абароне дысертацый па спецыяльнасцях фалькларыстыкі і этнаграфіі.

У друку па пытаннях беларускай культуры пачаў выступаць у 1955 г. Многія гады збіраў і аналізаваў каляндарна-абрадавы фальклор, аўтар шэрагу манаграфій і вучэбных дапаможнікаў па фалькларыстыцы. Аўтар універсальнай і галіновых беларускіх энцыклапедый. Адзін з удзельнікаў шасцітомнай навукова-тэарэтычнай працы «Беларускі фальклор. Жанры, віды, паэтыка» (2001—2007) і чатырохтомніка «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.».

Укладаў розныя зборнікі, пісаў сцэнары дакументальных фільмаў.

Светлая памяць…