Памёр Іван Лепешаў (абноўлена)



У нядзелю, 12–га кастрычніка, памёр выдатны беларускі фразеолаг, даследчык культуры беларускага маўлення, прафесар Гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэта Іван Лепешаў. Яму было 89 гадоў. Ён, як мовазнаўца, пакінуў багатую тэарэтычную ды публіцыстычную спадчыну. Апошні час, штогод, за ўласныя сродкі выдаваў свае працы ў прыватных друкарнях. Расказвае літаратарка Ала Петрушкевіч:

– Гэта быў вялікі беларус. Ён прайшоў праз усю пакутную гісторыю Беларусі ХХ стагоддзя. Ён прайшоў праз вайну, будучы зусім юным,  у ягоным целе захаваліся асколкі ад раненняў. Ён быў абылганы, незаконна рэпрэсаваны, да скону дакладна памятаў лічбу тых дзён, якія ён у ГУЛАГу правёў. Ён быў такі шчаслівы на самым пачатку 90-х. Верыў, што нешта пачалося.

Іван Лепешаў вельмі перажываў за падзеі ва Украіне.

На гэтую хвіліну невядома, ці будзе развітанне з прафесарам ва ўніверсітэце. Але паніхіда па Івану Лепешаву пройдзе ў сераду, 15-га кастрычніка, а 14-ай гадзіне ў Пакроўскім праваслаўным саборы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Пайшоў з жыцця Іван Лепешаў, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта, аўтар «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў», кніг і навуковых артыкулаў па фразеалогіі, мове мастацкай літаратуры, культуры маўлення і стылістыкі.

Прафесар Іван Лепешаў  нарадзіўся ў 1924 годзе на ўсходзе Беларусі — у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёну. Ваяваў, быў паранены, узнагароджаны ардэнамі і медалямі, дайшоў да Кёнігсберга.

Пасля вайны скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, затым працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслачы.  Беспадстаўна рэпрэсаваны, правёў 6 гадоў (1949—1955) у савецкіх канцлагерах на Далёкім Усходзе. Быў рэабілітаваны (1963) за адсутнасцю віны.

Пасля вызвалення ізноў вяртаецца на Гарадзеншчыну. З 1971 года працуе ў Гарадзенскім педінстытуце (пазней універсітэце).

23 кастрычніка прафесару Івану Лепешаву  споўнілася б 90 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Якуба Сушчынскага