Памёр кампазітар Эдуард Зарыцкі



Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі кампазітар Эдуард Зарыцкі.

Паводле слоў сяброў, апошнія паўгода Зарыцкі цяжка хварэў, актыўна лячыўся і спадзяваўся на спрыяльны прагноз.

Эдуард Зарыцкі нарадзіўся 9 лютага 1946 года. У 1964 годзе скончыў Менскае музычнае вучылішча імя Глінкі, у 1970-м — Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова. Выконваючы заданні педагога, будучы кампазітар пісаў усё, што патрабавала праграма, — сімфанічныя творы, камерную музыку, але ўжо ў студэнцкія гады захапіўся напісаннем песень.

Першыя прэм’еры яго песеннай творчасці адбыліся ў беларускай зборнай камандзе КВЗ. У яго творчым багажы больш за 600 песень. Самыя папулярныя: „Поверьте, девоньки”, „Начныя кастры”, „Прощальная гастроль”, „Палыновая ростань”, „Пахне чабор”, „Белыя крылы”, „Я вернусь”, „Листок календаря”. Песні Зарыцкага ў свой час склалі аснову рэпертуару Яраслава Еўдакімава, іх выконваюць Іна Афанасьева, Мікалай Скорыкаў, Надзея Мікуліч, Уладзімір Правалінскі, Ірына Дарафеева, Наталля Тамела, Філіп Кіркораў.

Шмат гадоў кампазітар працаваў у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Актыўна гастраляваў. Асноўныя творы акадэмічнага жанру, створаныя Зарыцкім: сімфонія, тры канцэрты, некалькі сюіт, вакальныя цыклы і камерна-інструментальная музыка. Кампазітар напісаў музыку больш як да 30 спектакляў і фільмаў, а таксама мюзікла „Белыя росы”. У Саюз кампазітараў БССР Эдуард Зарыцкі быў прыняты ў 24 гады і шмат гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні яго праўлення.

Акрамя таго, Зарыцкі быў старшынёй журы дзіцячага адборачнага конкурсу „Еўрабачанне”, членам рэпертуарнай камісіі Міністэрства культуры і аўтарскага савета Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Жонка кампазітара Таццяна памерла ў 2009 годзе пасля цяжкай працяглай хваробы. Зарыцкі сам даглядаў жонку, а пазней і яе захварэлага бацьку. Дачка кампазітара Ліна некаторы час выступала на беларускай эстрадзе, затым выйшла замуж і паехала ў Германію.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пахаванне Зарыцкага адбудзецца 8 чэрвеня.

belapan.by

Фота ok.ru