Памёр кардынал Любамір Гузар



Экс-кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай царквы кардынал Любамір Гузар памёр 31 траўня пасля працяглай хваробы на 85-м годзе жыцця.

Дата пахавання кардынала будзе паведамлена пазней.

Любамір Гузар разглядаўся як адзін з магчымых пераемнікаў Папы Рымскага Яна Паўла II сярод 16-і іншых кандыдатаў.

Украінскі кардынал з’яўляўся адным з найпрызнанейшых маральных аўтарытэтаў нашага часу.

«Дэмакратыя — найскладанейшая форма праўлення, хоць і найлепшая. І такая чалавечая прырода, што ўсе б хацелі, каб было, як лепш, але і каб было як лягчэй. Жадаю вам, каб вашы палітыкі не нацярпеліся, вытрымалі, калі яны сапраўды перакананыя ў праваце ідэалаў хрысціянскай дэмакратыі і змагаюцца за гэта. Як я чуў, у Беларусі, змагаючыся, можна лёгка апынуцца за кратамі. Гэта доўгая цяжкая барацьба, якая патрэбная і ва Украіне. Трэба, каб людзі, якія сталі на гэты цяжкі шлях, вытрымалі. Ішлі, ішлі, ішлі, падалі, уставалі і ішлі далей. Ішлі наперад», — казаў кардынал Гузар, звяртаючыся да палітыкаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

«Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, памыляюцца, калі думаюць, што паходжанне ўлады ад Бога дазваляе ім рабіць усё, што заўгодна, што гэта яны ўсталёўваюць правілы ўлады», — разважаў уладыка Любамір пра падзеі ў сучаснай яму Украіне і суседніх дзяржавах у інтэрв’ю для сайта КРЫНІЦА.INFO некалькі гадоў таму.

«Улада зыходзіць ад Бога, але людзі, якія ў дадзены момант знаходзяцца ва ўладзе, павінны памятаць, што ўлада ад Бога — святая, што ёсць закон Божы. Бог не даў ім уладу рабіць, што яны хочуць. Бог дае ім магчымасць выконваць Божую ўладу — уладу, якая зыходзіць ад Бога. Адным словам, тая ўлада, якая выконваецца ў адпаведнасці з Божай воляй, з Божым законам — гэта тая ўлада, якая зыходзіць ад Бога. А тое, што іншыя людзі сабе выдумляюць і прыпісваюць сабе, што яны маюць права ўсталёўваць, што і як рабіць, — гэта ўлада не ад Бога. Нельга казаць: «Мы вам загадваем, таму што мы ад Бога», –  запэўніваў кардынал.

Даведка:

Любамір Гузар прыйшоў у свет 26 лютага 1933 году ў Львове. Падчас ваеннага ліхалецця яго сям’я была вымушаная пакінуць Украіну, патрапіўшы ў 1949 годзе праз Аўстрыю ў ЗША.

Сярэднюю адукацыю будучы грэка-каталіцкі першаярарх атрымаў у Малой духоўнай семінарыі ў Стэмфардзе (штат Канэктыкут, ЗША). Затым вывучаў філасофію ў Калегіюме сьвятога Васіля, дзе ў 1954 годзе атрымаў ступень бакалаўра. Багаслоўскія студыі прайшоў у Вашынгтонскім каталіцкім універсітэце ў ЗША. У 1958 годзе, як выхаванец Вялікай духоўнай семінарыі сьвятога Язафата, атрымаў ліцэнцыят багаслоўя, а 30 сакавіка 1958 году быў высвечаны на святара Стэмфардзкай епархіі УГКЦ у ЗША.

Працаваў душпастырам сярод моладзі. Пазней вывучаў філасофію ў Фордгамскім універсітэце Нью-Ёрка, дзе ў 1967 годзе атрымаў ступень магістра. У 1969 годзе прыехаў у Рым для працягу багаслоўскіх студыяў, пасля заканчэння якіх у 1972 годзе стаў доктарам багаслоўя.

У 1972 годзе ўступіў у старажытны каталіцкі манастыр візантыйскага абраду святога Тодара Студыта (манахаў Студыйскага ўставу) у Гротафэрата пад Рымам.

У 1973-1984 гадах выкладаў у Папскім місіянерскім універсітэце «Урбаніяана» у Рыме, выконваў розныя даручэнні першаярарха УГКЦ Ёсіфа Сьліпога.

 2 красавіка 1977 году ў манастыры Студыйскага ўставу ў Кастэль-Гандольфа паблізу Рыму быў высвечаны на грэка-каталіцкага біскупа Вярхоўным Архібіскупам УГКЦ Ёсіфам Сьліпым.

 Ад 1978 года Ўладыка Любамір Гузар з’яўляўся архімандрытам манастыра св. Тодора Студыта, а таксама адказным за манастыры Студыйскага ўставу па-за межамі Украіны.

 З 1984 па 1991 год служыў протасінкелам Львоўскай архіепархіі УГКЦ у Рыме.

 Пасля легалізацыі УГКЦ ва Украіне ў 1993 годзе, разам з усёй супольнасцю ўкраінскіх манахаў у Гротафэрата, вярнуўся на родную зямлю. У 1993-1994 гадах служыў духаўніком ў Львоўскай духоўнай семінарыі Сьвятога Духа. А ў лістападзе 1996 году Ўладыка Любамір (Гузар) быў прызначаны біскупам-памочнікам Зьверхніка Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

 Пасля смерці тагачаснага Першаярарха УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Львоўскага Міраслава Любачыўскага 26 студзеня 2001 году на Надзвычайным Сінодзе біскупаў УГКЦ ён быў абраны Вярхоўным Архібіскупам УГКЦ. Яго інтранізацыя адбылася 28 студзеня 2001 году ў архікатэдры св. Юра ў Львове. У тым самым годзе 21 лютага папа Ян Павел II упісаў імя Вярхоўнага Архібіскупа Любаміра Гузара ў спіс сябраў калегіі кардыналаў, разам з цяперашнім Папам, а тады — архібіскупам Буэнас-Айрэсу Хорхэ Марыё Бэргольё.

 Падчас служэння кард. Любаміра Гузара першаярархам УГКЦ 21 жніўня 2005 году было абвешчана пра перанос рэзідэнцыі Кіраўніка УГКЦ з Львова ў Кіеў, а яго тытул ад гэтага часу стаў называцца «Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі».

 10 лютага 2011 года на прэс-канферэнцыі ў Кіеве Любамір Гузар паведаміў аб тым, што папа Бенедыкт XVI, у адпаведнасці з нормамі канона 126, §2 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў прыняў яго зрачэнне ад ураду Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ. Адпаведную просьбу Святому Айцу кіраўнік УГКЦ падаў, калі яму споўнілася 75 гадоў.

 

Беларускае Радыё Рацыя

паводле krynica.info і http://carkva-gazeta.by