Памёр паэт Мікола Аўрамчык



Сёння, 8 траўня, у Менску пасля цяжкай, працяглай хваробы памёр найстарэйшы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Мікола Аўрамчык. Яму было 97 гадоў. Пра гэта паведаміў сайт пісьменніцкай арганізацыі.

Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.

 Мікола Якаўлевіч быў знаёмы з Янкам Купалам і Кузьмой Чорным. Быў ветэранам вайны, прайшоў праз палон і прымусовыя працы ў шахтах.  Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Аўтар шматлікіх кніг, але толькі ў апошнія гады стала вядома, што гэта Мікола Аўрамчык разам з Нілам Гілевічам склаў «Сказ пра Лысую гару» — культавую ананімную паэму 80-х гадоў.

Развітанне з Міколам Якаўлевічам адбудзецца 10 траўня ў 10.30, у развітальнай зале Лечкамісіі (Менск, вуліца Чырвонаармейская 10).