Памёр Павел Сібілёў — кіроўца аўтобуса, у якога летась 10 жніўня патрапіла граната



Мужчына не дажыў да свайго 50-гадовага юбілею, яго не стала 10 кастрычніка. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яго родныя.

Да жніўня 2020-га Павел быў здаровым мужчынам. Вечарам 10 жніўня Сібілёў завяршаў працоўную змену на аўтобусе, які разам з іншым транспартам трапіў у затор падчас пратэстаў. Павел выйшаў абмеркаваць сітуацыю з калегам, як неўзабаве яму ў спіну прыляцела граната і гумовыя кулі. Пасля раненняў мужчына месяц правёў у ваенным шпіталі, перажыў перасадку скуры, атрымаў першую групу інваліднасці.

Пасля выпіскі са шпіталя ў яго дыягназавалі анкалогію — ён перасоўваўся па вуліцы выключна з кійком у руках.

СК адмовіўся заводзіць справу па факце ранення кіроўцы ў яго працоўную змену.

У Паўла Сібілёва засталіся трое дзяцей: малодшы сын у гэтым годзе пайшоў у першы клас.