Памёр саліст „Песняроў” Леанід Барткевіч



Заслужаны артыст БССР, адзін з удзельнікаў беларускага ансамбля „Песняры” Леанід Барткевіч памёр 13 красавіка ва ўзросце 71 года. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў афіцыйнай групе „Песняроў” у „Фэйсбуку”.

Барткевіч быў грамадзянінам дзвюх краін — Беларусі і ЗША. Нарадзіўся 25 мая 1949 года ў Менску. У 1970 годзе ён быў уключаны ў склад ВІА „Песняры”, дзе праявіў сябе як адзін з лепшых вакалістаў ансамбля.

У 1980 годзе паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС) па спецыяльнасці „рэжысура”, у тым жа годзе з-за немагчымасці сумяшчаць гастролі і вучобу пакінуў „Песняры”. Запісваўся і выступаў сольна.

З 1989 годзе з жонкай Вольгай Корбут і сынам Рычардам з’ехаў у ЗША, у 2000 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 1999 годзе зноў стаў салістам ВІА „Песняры” і быў яго ўдзельнікам да смерці кіраўніка калектыву Уладзіміра Мулявіна. Тады меркавалася, што менавіта Барткевіч узначаліць ансамбль, але Міністэрства культуры прызначыла Валерыя Скаражонка. Адразу ж пасля гэтага Барткевіч разам з некалькімі ўдзельнікамі пакінуў ансамбль і стаў выступаць пад эгідай расійскага ТАА „Песняры” і кіраваць ансамблем, працягваючы традыцыі мулявінскага калектыву. У 2008 годзе гэты ансамбль распаўся.

У лютым 2009 года Барткевіч разам з Анатолем Кашапаравым і Алегам Молчанам аб’ядналіся ў ансамбль „Песняры”, яго ўзначаліў Барткевіч.

Вядомы выкананнем песень „Александрына”, „Беларусь”, „Бярозавы сок”, „Вераніка” і іншых. Ён аўтар біяграфічнай кнігі „Песняры” і Вольга”.

Цікава, што сталічны кінатэатр „Кастрычнік” быў спраектаваны на аснове дыпломнага праекта Барткевіча (ён скончыў архітэктурны тэхнікум і адзін час працаваў архітэктарам у „БелНДІдзіпрасельбуд”).

belapan.by