Памёр старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мікалай Дземянцей
Старшыня Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Мікалай Дземянцей памёр 10 ліпеня на 89-м годзе жыцця.
Як паведамілі БелаПАН сваякі Дземянцея, ён памёр у 4 гадзіны раніцы ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры ў Ждановічах, куды яго даставілі 8 ліпеня.
Развітанне з экс-спікерам ВС адбудзецца 12 ліпеня. Час і месца цырымоніі будзе абвешчана пазней.
Мікалай Іванавіч Дземянцей нарадзіўся ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці 25 мая 1930 года. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1959) і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1964). Працаваў галоўным аграномам і дырэктарам малочна-таварнай станцыі ў Полацкім раёне. У 1970 годзе быў прызначаны інспектарам Камуністычнай партыі БССР, у 1974 годзе — сакратаром Віцебскага абкама КПБ. У 1977 годзе быў прызначаны загадчыкам сельгасаддзела ЦК КПБ.
У 1979—1989 гадах быў сакратаром ЦК КПБ. У 1989 годзе быў абраны народным дэпутатам СССР.
У 1989—1990 гадах — старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета, намеснік старшыні Вярхоўнага Савета СССР, член Савета Федэрацыі СССР.
У 1990—1991 гадах — старшыня Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання. Пад старшынствам Дземянцея Вярхоўны Савет 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У 1991 годзе, у перыяд Жнівеньскага путчу ў Маскве, адкрыта выступіў у падтрымку ГКЧП.
З 13 студзеня 1997 па 19 студзеня 2000 года — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па прэзідэнцкай квоце (у складзе камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы).
belapan.by
