Памёр Уладзімір Вайновіч



У Маскве ў веку 85 гадоў ад сардэчнага прыступу памёр вядомы пісьменнік Уладзімір Вайновіч. Пра гэта паведамілі ў сацсетках яго сябры і калегі.

Вайновіч актыўна ўдзельнічаў у дысідэнцкім руху да высылкі ў Нямеччыну ў канцы 1980 года. За правабарончую дзейнасць і сатырычнае выяўленне савецкай рэчаіснасці ў 1974 годзе быў выключаны з Саюзу пісьменнікаў, а ў 1981 годзе пазбаўлены савецкага грамадзянства. Яго пісьменніку вярнуў прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у 1990 годзе. У 1980-1992 гадах Вайновіч жыў у ФРГ і ЗША, супрацаваў з „Радыё Свабода”.

Найбольш вядомы ў Расеі і свеце твор Уладзіміра Вайновіча – шматтомны раман-анекдот „Жизнь и необыкновенные приключения солдата Ивана Чонкина”. Вайновіч таксама аўтар антыўтопіі „Москва 2042” (1986), сатырычных аповесцяў і п’есаў, кнігі „Портрет на фоне мифа” пра Аляксандра Салжаніцына і аўтабіяграфічнага раману „Автопортрет” (2010).

Апрача літаратуры Вайновіч займаўся жывапісам.

Пісьменнік паслядоўна бараніў палітычных зняволеных пуцінскай Расеі, выступаў за іх вызваленне, удзельнічаў у працы Кангрэсу інтэлігенцыі і іншых грамадзянскіх ініцыятывах. Асудзіў акупацыю Расеяй Крыма.

Беларускае Радыё Рацыя